10+10: Кацярына Захарэвіч

Кацярына Захарэвіч

пераможца спецпраекта фестываля "10+10"

 

 

Гульня “Горад”

 

Сувенірная крама месцілася ў падвальчыку старога шматпавярховіка ў цэнтры горада. Высокі мажны мужчына ў гарнітуры і капелюшы разгублена аглядаўся. Пакой з вялікай колькасцю палічак, куфэркаў, статуэтак, цацак і іншых дробязяў быў яму цесны – любы неасцярожны рух наведвальніка мог парушыць адвечны парадак рэчаў. Сухі жвавы дзядок з дзьмухаўцом валасоў, наадварот, пасаваў да гэтага месца як найбольш. Напэўна, працуе тут столькі, што стаў часткай крамы. Наведвальнік яшчэ больш сумеўся пад яго хітравата-дапытлівым позіркам і не мог вымавіць ні слова.

 

-        Шукаеце нешта адметнае?

 

-        Так… Казалі, у вас ёсць. Ведаеце, гэтыя модныя цацкі з гарадамі, ад якіх у захапленні ўсе дзеці? Мой сын хоча такую, але… асаблівую. У крамах такіх няма.

 

-        Так, я разумею, пра што вы, - дзядуля схаваўся за нізенькімі непрыкметнымі дзвярыма. Выйшаў адтуль праз хвіліну, з паважлівай усмешкай абдымаючы нешта круглае, памерам з вялікую галаву, завернутае ў шэрую мешкавіну. Мешкавіна так не пасавала да пашаны і радасці ў вачах дзеда, што наведвальнік засумняваўся: ці не згубіў той глузду?

 

Асцярожна паставіўшы сваю ношу на прылавак, гандляр лёгкім рухам зняў з яго анучу і з невымоўным гонарам зірнуў на свайго кліента. Той выглядаў так, быццам яму выдаюць старую рапуху за каралеўскую карону.

 

-        А дадатковыя дэталі? Падсветка, электрычнае сілкаванне?

 

-        Нічога гэтага не спатрэбіцца. Цацка асаблівая, памятаеце?

 

Мужчына з недаверам, шкадуючы, адлічваў грошы. Пакруціў свой набытак у руках, быццам шукаў, за што тут можна столькі заплаціць. Дзядуля-гандляр глядзеў на пакупніка з такім замілаваннем, што адмовіцца ад пакупкі было немагчыма.

 

***

 

Неба над горадам раз’яснілася ўпершыню за некалькі дзён. Даверлівыя мінчукі павысыпаліся з дамоў, офісаў, універсітэтаў і школ, пагрэцца ў промнях, што так рэдка прапускае іх неба ў гэтую пару. Але сонца зноў падманула, схаваўшыся за пыльнага колеру хмарамі. Дзяўчынка, што стаяла ля шыльды з перакрэсленым надпісам “МІНСК”, азірнулася: яшчэ недалёка адышла ад прыпынку, можна вярнуцца, забыцца на ўсе гэтыя глупствы і жыць далей, як жыла. Яна пашкадуе, калі, адышоўшы далёка ад горада, трапіць пад дождж ці заблукае.

 

“А калі дажджу не будзе, а я вярнуся дадому і нічога не даведаюся, то пашкадую яшчэ больш” – сказала сабе Марта і, адштурхнуўшыся рукой ад слупа з шыльдай, рушыла за межы горада. Наперадзе прываблівалі ўтульным святлом хаты, за сценамі якіх, безумоўна – утульнае шчаслівае жыццё.

 

***

 

Мужчына змяніў гарнітур-тройку на дамашнюю вопратку. Зараз ён выглядаў мяккім і ўтульным. Утульнасці дадаваў і выраз твару: натхнёна-здзіўлены, быццам таксама куплены ў сувенірнай краме. Чалавек трымаў у руках сваю пакупку:

-        Глядзі, усё як сапраўднае! І фігуркі быццам жывыя! І батарэяк не трэба. Як яно працуе? Не здагадаўся запытацца. Хіба на сонечнай энергіі? Трэба паставіць на падваконне, каб зарадзіўся.

 

***

 

Сонца гарэзіла і гулялася ці то ў схованкі, ці то ў даганялкі. Прамяні адбіваліся ад шыбаў хат, ад бліскучай лістоты дрэў, ад паветра – і сляпілі вочы, прыпякалі ў спіну і галаву. Марта зняла паліто, у якім колькі хвілін таму было досыць утульна.

 

Зямля паплыла кудысьці, падпарадкоўваючыся плыні ветру, Марта, не ўтрымаўшыся на нагах, звалілася. Моцны парыў падняў апалае лісце, пыл, ільдзінкі туману, што чакалі ночы ў траве. Вецер, здавалася, забыўся, куды і навошта ён дзьме – ірваўся ва ўсіх напрамках, збіваў сам сябе, блытаўся сам у сабе, злаваўся. І пачынаў наноў.

 

Прыжмурыўшыся, каб зберагчы вочы ад пылу, Марта зноў убачыла…

 

***

 

Пульхныя ліпкаватыя ручкі схапілі прахалоднае шкло. Дапытлівыя вочы старанна ўзіраліся ў маленькія фігуркі дамкоў, вулкі паміж іх, паркі і гарадскія статуі ў цэнтры і пачваркі заводзікаў па краях. Усё, як Лявончыку мроілася.

 

-        Гэта ён, сапраўдны? – недаверліва, але з надзеяй запытаўся ён у бацькі. Той усміхнуўся замілавана.

 

-        Так, самы сапраўдны. Да яго нават батарэяк і дадатковых дэталек не трэба.

 

Лявончык радасна прыціснуў да грудзей цяжкі шкляны шар з горадам унутры. Цацкі “Горад” з’явіліся ў крамах пару тыдняў таму, а ў Лявончыкавым класе ўсе ўжо іх мелі. Прыносілі ў школу пахваліцца, якая дакладная планіроўка іх гарадоў, як дасканала зробленыя людзі – як сапраўдныя, толькі паменшаныя разоў у дзвесце. І рухаюцца, як жывыя, – толькі зараджай своечасова ці мяняй батарэйкі. А яшчэ, кажуць, калі прыслухацца ў поўнай цішыні, то пачуеш, як фігуркі людзей перамаўляюцца – сотні адначасова, кожная пра сваё. І гутаркі ў іх такія самыя, як у сапраўдных людзей. Дурныя і смешныя: не ведаюць, што яны – механізмы, што жывуць пад шкляной колбай. Але дасканалыя механізмы.

 

Раз так атрымалася, што Лявончык апошні заставаўся без “Горада” і з яго пачалі кпіць, то трэба было здзівіць аднакласнікаў. Шакаваць іх і прымусіць пашкадаваць пра свае жартачкі.

 

“Купі мне сапраўдны “Горад”! – заявіў ён бацьку два дні таму. Той паспрабаваў супакоіць, пераканаць, што сапраўдных “Гарадоў” у шкляных шарыках не бывае, але сын закаціў такую гістэрыку, што бацьку давялося рабіць тое, чаго ён даўно не рабіў – шукаць і прыдумляць.

 

-        А чаму нікога няма? Дзе жыхары?

 

-        Позні вечар, таму яны спяць. І табе самы час класціся.

 

***

 

Сцямнела па-восеньску хутка. Марта пабегла да хатак – хавацца ад ночы, ветру і сваіх трызненняў. Жоўтае святло ўтульных вечароў пралівалася праз вокны ў паветра, расфарбоўваючы яго ў цёплае, і на траву, робячы яе не такой пажухлай. Безумоўна, там добрыя людзі, якія прытуляць да раніцы, напояць гарбатай і супакояць занадта бурную фантазію простымі сямейнымі гісторыямі.

 

Можа быць, не было нічога там, у небе? Толькі здалося. Гульня святла, форма аблокаў плюс пясок, што засыпаў вочы.

 

“Ага, сёння здалося, а ўчора? А тры дні таму? А тыдзень таму?” – тут жа запярэчыла яна сама сабе.

 

Тыдзень таму Марта (сама не ведае, што з ёй сталася) зірнула ў неба. Яна не рабіла гэтага некалькі гадоў – з таго часу, як перастала верыць, што зоркі-знічкі чуюць запаветныя жаданні і здзяйсняюць іх. Быў на дзіва ясны дзень. У небе Марта пабачыла вялікія вочы. Апусціўшы погляд крыху ніжэй, яна ўбачыла нос, яшчэ ніжэй – вусны. Вочы заўважылі, што Марта глядзіць на іх, і зніклі, а неба накрылася хмарамі. Дзяўчынка падумала, што аблокі і сонечнае святло ўтварылі такі незвычайны малюнак, але праз некалькі дзён пабачыла тыя ж вочы. Яна расправядала пра свае прывіды сябрам, але тыя толькі смяяліся з яе: ушчэнт рэчаіснасць з марамі пераблытала.

 

Марта вырашыла адшукаць вочы. Дакладней, усю істоту, якой яны належаць Вядома, калі існуюць вочы, значыць, недзе пад імі ёсць і цела. Калі вочы недзе над горадам, значыць, ногі дзесьці за ім. І Марта выбралася за межы Мінска, за якімі ніколі раней не была.

 

Ад бязлюддзя робіцца няўтульна – быццам штосьці адбылося, а ты яшчэ нічога не ведаеш. Няма з кім пагутарыць пра тое, што бачыш, няма на чым спыніць вока і думку, даводзіцца шукаць, як забаўляць сябе самой. Нават чужыя людзі за вокнамі загарадных хат здаюцца роднымі пасля пары гадзін самоты. Ды яшчэ гэты вецер, што збівае з ног, туман, які рвецца ад ветру і накрывае новымі слаямі вільготнай ватнай коўдры. Толькі святло з акенцаў перамагае яго. Яшчэ колькі крокаў…

 

Марта з мяккім гукам урэзалася ў нябачную сцяну. У тых месцах, куды ўрэзаліся лоб, рукі і калені, сцёрлася фарба – у бярвенні дамка з’явіліся плямы празрыстасці. Марта пашкрабла святло ў вакне. Так і ёсць – намаляванае.

 

***

 

Лявончыку не спалася. Як толькі заплюшчваў вочы, з’яўляліся механічныя чалавечкі з гарадоў аднакласнікаў – дасканалыя, як сапраўдныя. Лепш за сапраўдных. А сваіх чалавечкаў ён так і не пабачыў. А што, калі яны непрыгожыя, не сапраўдныя, ці іх там увогуле няма? Ён мусіць пабачыць іх, перш чым несці свой “Горад” у школу. А калі з чалавечкамі нешта не так, то запатрабаваць у таты новую цацку. І хай шукае, дзе хоча, самую сапраўдную.

 

Чалавечкі надзейна пахаваліся ў сваіх хатах. Ніякага цярпення не хопіць чакаць да раніцы. Лявончык з усёй сілы патрос шкляны шар.

 

***

 

“Рэкордныя парывы ветру зафіксаваныя ў Мінску гэтай ноччу. Павалена некалькі дрэваў, пашкоджаныя лініі электраперадач. Ахвярамі надвор’я сталі некалькі аўтамабілістаў, якія позна перасоўваліся па горадзе. Некаторыя аўтамабілі, што стаялі ў дварах пад дрэвамі, таксама пашкоджаныя. Метэаролагі абвяшчаюць аранжавы ўзровень небяспекі”.

 

***

 

Марта захуталася ў паліто і села на халодную зямлю, прыхінуўшыся да намаляванага дамка. Самы час падумаць пра тое, як добра было б зараз дома, ляжаць ва ўтульным ложку, нічога не ведаючы. Раніцай, калі толькі надыдзе раніца, Марта пабяжыць дадому і больш ніколі не выйдзе за межы горада. І больш ніколі не паглядзіць у неба.

 

Вядома, гэта – начное трызненне, але яна ўсвядоміць толькі заўтра, калі будзе дома, калі ўсё стане, як і раней.

 

Яна працёрла сабе невялікае акенца і прыпала да яго тварам.

 

***

 

Лявончык паставіў шар на палічку і прыпаў вокам да шкла: паглядзець, ці заварушыўся хто? Не толькі ён глядзіць. За ім таксама назіраюць. Маленькі чалавечак – дзяўчына. З вялікімі вачыма і пераляканым тварам. Лявончыку стала смешна і шкада яе адначасова. І радасна: яна насамрэч сапраўдная!

 

-        Добры вечар, - ветліва прашаптаў ён. – Мяне завуць Лявончык. А вас?

 

Дзяўчынка лыпала ротам, як рыбкі ў мульціках:

-        Марта! – нарэшце сабралася яна. Абодва не ведалі, што казаць далей.

 

-        Ты сапраўдная? – запытаўся Лявончык.

 

-        Так, здаецца. А ты бог?

 

-        Я Лявончык, - паўтарыў хлопчык, быццам размаўляючы з неразумным дзіцёнкам. І тут жа не вытрымаў, пахваліўся:

-        Ты – мая цацка. Заўтра я панясу свой “Горад” у школу. Усе мае сябры палопаюцца ад зайздрасці, калі пабачуць мой сапраўдны “Горад”. Застанься тут да раніцы і скажы маім сябрам, што ты сапраўдная, што працуеш без батарэек.

 

-        Я не магу тут застацца. Таму што мама будзе хвалявацца, таму што заўтра ў мяне кантрольная па матэматыцы.

 

-        У цябе няма мамы і кантрольнай па матэматыцы. Ты – лялька ў шкляным шары. Шар – мая цацка. І заўтра я панясу яго ў школу.

 

-        Раніцай празвініць будзільнік, я прачнуся і зразумею, што ўсё гэта мне прыснілася.

 

-        Няпраўда, няпраўда, няпраўда! – Лявончык усхліпваў і топаў нагамі, амаль скакаў. Палічка захадзіла хадуном, пасыпаліся з верхніх ярусаў розныя дробязі – лялькі-салдацікі, лялькі-лега, асадкі і алоўкі, якія хлопчык забыўся скласці ў заплечнік. Пакаціўся шкляны шарык. Рассыпаліся па падлозе аскепкі шкла, кавалкі разбітых шматпавярховікаў, выкарчаваныя з каранямі дрэвы і машынкі, што не даехалі да сваіх двароў.

 

“Прымушу заўтра тату купіць новы “Горад”. Знайду там Марту і пераканаю яе, што яна – лялька” – падумаў Лявончык, пераступаючы праз рэшкі горада.

Тэги: