10+10

.

Тэма Мінска ў сучаснай літаратуры набірае папулярнасць.
Ура! Нарэшце!

 

Яшчэ досыць нядаўна можна было на пальцах злічыць тыя беларускія кнігі, дзеянне якіх адбываецца ў Мінску. А калі яшчэ на беларускай мове, ды каб якасныя... Але патроху, патроху - і такі панеслася.

Розныя аўтары, розны горад, розныя тэмы.
Зусім хутка дойдзем і да тэмы курсавых - "Мінск у працах знакамітых сучасных пісьменнікаў".

 

Ага, менавіта так і будзе: і знакамітых, і сучасных, і - Мінск.

 

У межах новага спецпраекта майскага кніжнага фестывалю "Горад і Кнігі" мы папрасілі 10 ужо сталых у мастацкім плане аўтараў напісаць апавяданне пра Мінск (у любых яго праявах.)

 

У зборніку апавяданняў "10+10: Мінск" (і ўсё практычна зразумела з назвы, праўда?) ёсць яшчэ 10 месцаў для аўтараў-пачаткоўцаў.

 

Вы любіце гэты горад? Ведаеце пра яго штосьці, чаго не ведаюць іншыя? Ці, наадварот, гатовыя пісаць, каб зразумець пра горад і пра сябе штосьці важнае?

З вас - апавяданне да 12 тысяч знакаў. З нас - зборнік і выбітная кампанія ў ім.

Мінск як тэма, Мінск як месца, Мінск як галоўны герой і як фон падзей, што іх вызначае. Мінск у любых праявах - але абавязкова ён.

 

А там пабачым, можа, не так ужо і далёка тая самая тэма курсавых)

 

Аўтары, якія ўжо падтрымалі фестываль сваёй згодай на ўдзел: 

 

 

1. Людміла Рублеўская "Староста Юзаф і булачніца Яўдахія"

 

2. Міхаіл Валодзін

 

3. Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак "Цагліна перапоны"

 

4. Ганна Севярынец "Залатая рыбка"

 

5. Надзея Ясмінска "Вітражнае акенца"

 

6. Маргарыта Латышкевіч "Тры месяцы да вясны"

 

7. Алена Мальчэўская "Арфей едзе на плошчу Перамогі"

 

8. Адам Глобус "Асмалоўскія казкі"

 

9. Уладзімір Садоўскі "На крукі свая"

 

10. Юлія Алейчанка "Ігар"

 

Намаляваць вокладку пагадзілася Лілія Бусарава. 

 

З нецярпеннем чакаем апавяданняў!

 

boss_ml.png

 

Маргарыта Латышкевіч

кіраўнік спецпраекта «10 + 10», пісьменніца, фалькларыст, рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць»

Кантакты: konkurs10plus10@gmail.com

 

 

ПАЛАЖЭННЕ

Аб парадку арганізацыі і правядзення

конкурсу літаратурнай

творчасці моладзі «10+10»

у межах фестываля «Горад і Кнігі»

 

1. Агульнае:

 

  1. Дадзенае Палажэнне апісвае пытанні арганізацыі конкурсу літаратурнай творчасці моладзі «10+10» (далей – Конкурс).
  2. Мэты Конкурсу: заахвочванне літаратурнай творчасці маладых людзей Беларусі, падтрымка адоранай моладзі, папулярызацыя чытання, развіццё нацыянальнай літаратуры.
  3. Арганізатары і заснавальнікі Конкурсу (далей – Арганізатары): фестываль «Горад і Кнігі» і часопіс «Маладосць».
  4. Партнёры Конкурсу (далей – Партнёры): выдавецтва «Янушкевіч», партал беларускіх электронных кніг «KNIHARNIA.BY» і дабрачынны фонд «Вяртанне»

 

1. Арганізацыя:

 

  1. Інфармацыя пра Конкурс публікуецца ў рэспубліканскай прэсе, рассылаецца па вышэйшых навучальных установах. Да пачатку прыёма заявак вядзецца рэкламная кампанія (у т.л. праз сацыяльныя сеткі) для заахвочвання ўдзельнікаў, а старт конкурсу абвяшчаецца асобнымі публікацыямі на інфармацыйных рэсурсах РБ.
  2. Інфармацыйную падтрымку Конкурсу аказвае часопіс «Маладосць».
  3. Конкурс праводзіцца з наступнымі часавымі межамі:

            1) прыём заявак удзельнікаў – 1.01.2018-01.03.2018;

            2) адбор матэрыялаў, вылучэнне лепшых работ – сакавік 2018;

            3) публікацыі лепшых работ у часопісе «Маладосць»  – канец сакавіка – канец красавіка 2018;

            4) прэзентацыя зборніка «10+10: Мінск» – 18-19 мая 2018 (у межах фестываля «Горад і Кнігі»).

  1. Журы Конкурсу і склад пісьменнікаў для пазаконкурснай часткі зборніка фарміруюцца па рашэнні Арганізатараў. Дыпломы ўдзельнікаў забяспечваюцца Арганізатарамі і ўручаюцца падчас фестывалю на прэзентацыі вынікаў Конкурсу.
  2. Лепшыя творы ўдзельнікаў Конкурсу друкуюцца ў часопісе «Маладосць» (№3,4-2018) і ў зборніку «10+10: Мінск», а пасля могуць быць прадастаўлены для публікацыі на сецевых рэсурсах, што ўваходзяць у кола Партнёраў.
  3. Арганізатары Конкурсу (пры патрымцы партнёраў) забяспечваюць публікацыю конкурсных твораў пераможцаў у зборніку «10+10: Мінск» і атрыманне кожным з іх 1 асобніка. Частка тыражу зборніка "10+10: Мінск" будзе перададзена бібліятэкам горада Мінска.
  4. Аўтары твораў, якія будуць адабраныя для публікацыі ў зборніку «10+10: Мінск», дэлегіруюць свае аўтарскія правы на конкурсныя творы Арганізатарам і не патрабуюць грашовага ўзнагароджання за публікацыю ў кнізе або працэнтаў ад продажу зборніка.
  5. Падача заяўкі для ўдзелу ў Конкурсе аўтаматычна азначае пагадненне з усімі пунктамі дадзенага Палажэння.

 

 

2. Патрабаванні:

 

  1. Конкурс праводзіцца ў межах краіны і разлічаны на грамадзян Рэспублікі Беларусь.
  2. На Конкурс прымаюцца празаічныя творы, якія да таго не былі нідзе апублікаваныя і не ўдзельнічалі ў іншых конкурсах.
  3. Мова Конкурсу – беларуская.
  4. Тэма конкурсных твораў – Мінск (у любых праявах)
  5. Узрост аўтараў: ад 18 да 30 гадоў.
  6. Да разгляду прымаюцца твор(ы) агульным аб’ёмам да 12 тысяч знакаў (з прабеламі). Гэта можа быць адзін або некалькі твораў ад аднаго аўтара, але без перавышэння зададзенага аб’ёму.
  7. Афармленне: файл Microsoft Word у фармаце .doc\.docx, шрыфт Times New Roman, 14 кегль, інтэрвал адзінарны, усе палі 2 см.
  8. На першай старонцы павінна быць: імя і прозвішча, псеўданім (калі ёсць), дата нараджэння, кантакты (электронная пошта, тэлефон, сацыяльныя сеткі).
  9. Творы прымаюцца на адрас электроннай пошты konkurs10plus10@gmail.com з 1 студзеня 2018 да 1 сакавіка 2018.