Стварэнне хатняга спектакля паводле кнігі “Вялікае пытанне маленькага хамелеона”.
Для стварэння незвычайнага спектакля ў цемры вам спатрэбіцца:
Спецыяльныя святлонакапляльныя экраны: фармат А3, 1-3 штукі (без праблем купляюцца на WB)
Ультрафіялетавыя пэндзлі: тонкія і трохі таўсцешыя (там жа)
Самаробныя трафарэты некаторых персанажаў (эскізы далучаем)
Стол (ці падлога)
Ружовая лёгкая тканіна (арганза, фацін, шоўк і пад.)
Лісты і галінкі раслін, падобныя на расліны джунгляў (трафарэты далучаем)
Яйка (можна буйное ад Кіндэр-сюрпрыза, можна зрабіць з пап’е-машэ)
Пальчаткавыя лялькі або мяккія цацкі - персанажы (кракадзіл, малпачка, слон)
Гукі джунгляў, этнічная музыка, крыкі дзікіх звяроў
Настольная лямпа (або магутны ліхтарык) для стварэння эфекту тэатра ценяў
Цемра
Спектакль па сцэнах:
Сцэна 1. Маляванне святлом
Пачніце апавядаць гісторыю з кнігі з элементамі тэатралізацыі: гучыць музыка, святло гасне і пачынаецца магія малявання святлом (заліўка святлом трафарэтаў лістоты, прамалёўка пальмаў, зарасцяў джунгляў і г.д.)
Аднойчы, у адным загадкавым і таемным месцы, дзе кожны хацеў бы хоць раз пабываць - як думаеце, дзе гэта? - здарылася доўгачаканая падзея.
Падсвятліце яйка ультрафіялетавым ліхтарыкам. Раскрыйце і асвятліце ліхтарыкам унутраную паверхню “шкарлупіны” (папярэдне пафарбаваную яркай флуарысцэнтнай фарбай).
Потым пакладзіце яйка на экран і заліце яго святлом - застанецца цёмны сілуэт.
На свет з’явіўся маленькі - хто б вы думалі?
Сцэна 2.
Уключыце настольную лямпу, накіруйце святло на апавядальніка. Экран, калі святло уключана, трэба закрываць чорнай тканінай ці пераварочваць.
Ён быў зусім дзіцятка і яшчэ не такі начытаны, як вы, і таму перш-наперш спытаў:
- Мама, скажы, а хто я?
Калі б вы былі мамай хамелеона, што б вы адказалі малечы?
...
Ніхто з вас не адгадаў!
- Хадзем са мной, пашукаем разам, - прапанавала мама.
І яны выправіліся ў невялікае падарожжа.
Музыка гучней, музыка цішэй.
Першым яны сустрэлі кракадзіла, які спаў на беразе ракі.
- Дык гэта ж я, глядзі, які падобны! - ўзрадаваўся маленькі хамелеон. - Я стану такім жа вялікім і дужым!
Як вы думаеце, якія станоўчыя моманты ёсць у тым, каб быць кракадзілам?
- Я згодны з усімі! Гэта цудоўны звер з агромністай пашчай і вострымі зубамі! Дык можа, я - кракадзіл? - з надзеяй спытаўся малы.
Мама ўважліва паглядзела на сына:
- Ты, вядома, таксама любіш паспаць на сонейку, але не, ты не кракадзіл!
Сцэна 3.
Святло накіравана на актора. Гукі малпаў.
Даставайце мяккую цацку малпачкі. Падкідвайце яе ў руках, патрымайце за хвост. Добра заходзіць паперакідвацца ёй паміж удзельнікамі. Пакіньце ў сябе, калі пачняце чытаць тэкст, каб перапыніць гульню.
Мам, пазнаеш мяне? Я малпачка! - ускрыкнуў маленькі хамелеон і звесіўся ўніз галавой на галінцы.
Мама ўздыхнула:
- Ты, вядома, любіш паблазнаваць і пакрыўляцца, але ўсё ж такі ты не малпа. Хадзем хутчэй!
Сцэна 4. Маляванне святлом
Гасім святло. Уключаем загадкавы трэк. Будзем маляваць святлом.
І тут хамелеон пабачыў чыесьці вочы, якія свяціліся ў змроку джунгляў.
Намалюйце вочы вялікай дзікай кошкі.
Хтосьці пільна назіраў за малым і ягонай мамай. Хтосьці такі чорны, што зліваўся з ценем, і такі нерухомы, як сфінкс.
Гэта былі вочы Пантэры.
Дамалюйце вакол вачэй сілуэт. Паразмаўляйце з гледачамі, пакуль дамалёўваеце вакол кошкі кусты і дрэвы.
Можна ад рукі, а можна выкарыстаць той жа трафарэт джунгляў, што і на першым экране.
Як мяркуеце, ці захоча хамелеончык быць пантэрай? Чаму?
- Мама, я зразумеў! Я, напэўна, пантэра! - узрадаваўся маленькі хамелеон, усё-ткі разгледзеўшы сярод дрэваў вялікага чорнага звера.
Мама пагладзіла сына па хвасце.
- Ты такі ж смелы і ўпэўнены. Але ж не, ты не пантэра.
Уключайце святло. Не забывайце пераварочваць экран - удзельнікі абавязкова захочуць памаляваць на ім пасля чытанняў!
Сцэна 5.
І яны пайшлі далей.
З’яўляецца лялька слана - спецыяльная загатоўка з маскі і хобата-панчохі, у якую засоўваецца рука. Змяняецца музыка.
Узаемадзеянне з удзельнікамі - пагладзьце іх хобатам, павітайцеся, патрубіце - на што хопіць фантазіі. І не аддавайце кракадзіла - начытаныя дзеці паўтараюць сюжэт з выцягваннем носа:)
Неўзабаве мама з сынам прыйшлі на вадапой.
- Тады я даклдна слон! - без сумневу заявіў хамелеончык, слухаючы, як сланы весела трубяць.
Што яшчэ весела ўмеюць рабіць сланы?
Мама спынілася ля вады.
- Ты можаш быць гучным-гучным, але ты не слон. Зусім не слон!
Сцэна 6.
Маленькі хамелеон паглядзеў на неба. І пабачыў там нешта ружовае і прыгожае.
Расцягніце ружовую тканіну над гледачамі. Зрабіце хвалю, пакажыце вецер.
Павеяў лёгкі вецярок. Маленькі хамелеон заплюшчыў вочы і адчуў...
Прыглушыце ці адсуньце святло, пакіньце невялікую падсветку ўбаку. Прапануйце ўсім закрыць вочы і злёгку дакраніцеся да твараў баа з пёраў. Ці раскіньце над удзельнікамі маленькія пёркі.
...што аднекуль зверху на яго спусціліся далікатныя пёркі. Гэта было прыемна і прыгожа!
Як вы думаеце, што гэта было? А што яшчэ ўмеюць фламінга?
- Ведаеш, мне здаецца, я так падобны да ружовага фламінга! - сказаў малы хамелеон, калі яны падыйшлі да грацыёзных і прыгожых птушак.
Мама ласкава ўсміхнулася.
- Даражэнькі мой, ты сапраўдны летуценнік! Далёкія андроўкі, верныя сябры - усё ў цябе будзе! Але ты і ружовы фламінга нават не сваякі.
Сцэна 7. Экран
- Глядзі, хто гэта тут! Гэта ж тата!
Яны і не заўважылі, што вярнуліся дадому.
Малы хамелеон у роспачы спытаўся:
- Мама! Тата! Ну скажыце ж нарэшце, хто я?
І вось што сказалі ягоныя бацькі:
Вы ўжо здагадаліся, праўда?
- Ты наш самы любімы сынок! Адзіны ў свеце і іншага такога няма!
Пасля словаў “Ты наш самы любімы сынок” намалюйце вакол хамелеона вялікае сэрца.
Спытайцеся, пра што была гісторыя - адказы расчульваюць.
Не абавязкова быць на кагосьці падобным, каб цябе любілі.
Дарэчы, у кнізе ў джунглях нашмат больш жыхароў, чым трапіла ў нашыя чытанні. Потым вы можаце параўнаць кніжную гісторыю з тым, што атрымалася ў нас. А пакуль прапануем пазнаць іншых звяроў па іхных частках цела. Нясіце трафарэты і будзем адгадваць!
Раздайце трафарэты і выдавайце ліхтары па чарзе. Так усе змогуць заліць святлом і паадгадваць разам з усімі. Потым аддайце ўсе экраны - час вольнага малявання.
Парады для тых, хто мае ў сабе сілы рабіць і прыдумляць за межамі сцэнара!
Можна выбраць любую іншую жывёлку ці звера і падабраць адпаведны антураж. Нават такія, якіх у кнізе няма!
Выкарыстоўваць прыёмы выяўлення некаторых жывёл ў выглядзе гульні ценяў
Маляваць ад рукі, без трафарэтаў, светлавымі пэндзлямі рознай таўшчыні
Выкарыстоўваць свае рукі ў якасці трафарэтаў
Фантазіраваць і прыдумляць новыя ідэі разам з сябрамі!
сачыць за новымі ідэямі для кнігасустрэч спадручна ў telegram / следить за свежими идеями для книговстреч удобно в telegram