Птушка ўва мне ляціць куды захоча

Мерапрыемства распрацавана і праведзена бібліятэкарам I кат. сектара дзіцячай літаратуры Масалбасавай Наталляй Аляксандраўнай.

Для правядзення практычнага задання запрашалі спецыяліста педагога-псіхолага Лысакову Кацярыну Валянцінаўну.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 6 “А” класса сярэдняй школы №4 г.Баранавічы.

Мерапрыемства па кнізе Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча» рэкамендуецца для дзяцей сярэдняга  і старэйшага школьнага ўзросту (12+).

 

Пачаць мерапрыемства прапанавана з пытанняў, якія дапамогуць арганізаваць увагу слухачоў і актывізаваць іх уяўленні аб дадзенай тэме. Выкарыстоўваючы платформу Mentimeter.com, ствараем інтэрактыўную прэзентацыю з пытаннямі па тэме. Дзеці выконваюць заданне індывідуальна са сваіх мабільных прылад, якія маюць доступ да інтэрнэту (смартфонаў, планшэтаў).

 

ptushka_1.jpgptushka_2.jpg

 

  1. Якія асацыяцыі выклікае ў вас слова «птушка»?
  2. Ці сустракаліся вам людзі не падобныя на іншых?
  3. Ці проста ім існаваць сярод тых, хто іх не разумее?
  4. Як вы лічыце, для чаго патрэбны ілюстрацыі ў кнізе?
  5. Ілюстрацыі абавязкова звязаны с тэкстам або могуць існаваць незалежна адзін ад аднаго?

 

Вынікі апытання выводзяцца на экран і абмяркоўваюцца.

 

Кніга Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча» – гэта гісторыя, якую натхнілі жыццё, праца, лісты і дзённікі шведскай пісьменніцы Бэрты Хансан.  Пра дзяўчынку, якая марыла з’ехаць з дому, каб вучыцца і стаць мастачкай, але ўсё было супраць яе мары. Кніга пра тое, каб быць верным сабе і ісці за сваім сэрцам.

 

Расказваем дзецям, што кніга складаецца з трох гісторый:

  1. Гісторыя Бэрты у інтэрпрэтацыі Сары Лундберг.
  2. Біяграфія Бэрты Хансан, напісанай Аляксандрай Сундквіст, журналісткай і пісьменніцай.
  3. Апавяданні-ілюстрацыі, якія складаюць большую частку кнігі.

 

ptushka_3.jpg

 

Першая гісторыя – гісторыя Бэрты ў інтэрпрэтацыі Сары Лундберг. Гісторыя Бэрты ў інтэрпрэтацыі Сары Лундберг круціцца вакол міфа пра стварэнне сусвету. Паштоўка, якую падараваў ёй дзяцька Юхан, займае цэнтральнае месца ў творы. На ёй карціна Мікеланджэла, якая вымушае яе разважаць пра Бога, пра біблейскую гісторыю, пра ролю Адама і Евы, пра сябе і сваю ролю ў грамадстве.

  • Хто стваральнік? Ці на самой справе яна сапраўдная стваральніца жыцця?

Бэрта лічыць, што тое, што яна стварае, здольна вылечыць яе маці. Таму пасля смерці маці Бэрта здаецца і мірыцца з тым, што павінна застацца ў бацькоўскай хаце. Але праз некаторы час яна зноў пачынае маляваць.

 

Другая гісторыя – гэта біяграфія Бэрты Хансан. Пасля прачытання гісторыі Сары Лундберг адразу хочацца даведацца пра гісторыю жыцця прататыпа. І вось тут нам дапамагае задаволіць чытацкую цікаўнасць другая частка – «Дзяўчынка з Хамердаля», у якой Аляксандра Сундквіст вельмі дакладка расказвае, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, жыццё галоўнай гераіні складваецца на здзіўленне вельмі добра: яна становіцца вядомай мастачкай. Між іншым, у творчасці Бэрты Хансан птушкі займаюць цэнтральнае месца.

 

Трэцяя гісторыя – гэта апавяданні-ілюстрацыі, якія складаюць большую частку кнігі. Дарэчы будзе расказаць пра стыль і тэхніку ілюстрацый. Мастачка часам выкарыстоўвае рэалізм. Для перадачы характару Бэрты Сара Лундберг выкарыстоўвае жывую мадэль, таксама выкарыстоўвае калаж і густыя фарбы, малюе персанажаў абстрактна, шырокімі мазкамі, толькі вобраз. Цікава будзе даведацца і пра тое, як Сара Лундберг працавала над кнігай: спачатку яна напісала тэкст, потым шмат разоў рабіла накіды, раскадроўкі і даследванні (паказваем дзецям работы, якія не ўвайшлі ў кнігу), праца над кнігай была вельмі складанай і цягнулася два гады, так як амаль на кожнай старонцы ёсць ілюстрацыя (для дзяцей 9-10 класаў можна спыніцца больш падрабязна на ілюстрацыях, на выкарыстаных тэхніках, расказаць пра напраўленні ў мастацтве і г.д.).

 

Практычнае заданне. Выкарыстоўваючы методыку дэфармавання тэксту, прапануем удзельнікам суаднесці тэкст кнігі з ілюстрацыяй. На асобных лістах друкуем малюнкі і тэкст. Звяртаем увагу на колер малюнкаў. Вызначаем, як колер перадае эмацыянальны стан мастака?

 

На выбар чытаем першую або другую гісторыю з кнігі.

Разглядаем сімвал, які аўтар выкарыстоўвае на працягу ўсяго твора.

 

Птушкі – істоты, якія набліжаюцца да неба з дапамогай сваіх крылаў, – з'яўляюцца  ўвасабленнем чалавечага жадання, мары. Птушка прысутнічае ў міфалагічным, біблейскім і казачным сюжэце. З вобразам птушак часта звязваюцца матывы сузірання, любавання, дабра, шчасця, пачатку, надзеі, станоўчага пераходу, адраджэння, раніцы, вясны, сонечнага ўзыходу, стараннасці, хатняй утульнасці, бацькоўскай спадчыны, магічнага свету. Успамінаем творы, дзе прысутнічае вобраз птушкі.

 

ptushka_4.jpg

 

Варыянты выканання практычнага задання:

1. Запрашаем на мерапрыемства педагога-псіхолага і просім правесці з дзецьмі тэст, свайго роду арт-тэрапію, выкарыстоўваючы методыку «метафарычны аўтапартрэт».

Заданне: намалюйце, калі ласка, пры дапамозе алоўкаў і фарбаў сябе ў выглядзе птушкі.

Абмяркоўваем малюнкі. Кожны расказвае пра сваю птушку, пра сябе, пра сваю мару, як адчувае сябе ў вобразе птушкі.

  • Падумайце, што не задавальняе, што хацелі б выправіць?

 

ptushka_5.jpgptushka_5_0.jpg

 

2. Запрашаем на мерапрыемства мастака або настаўніка мастацкай студыі (школы) і просім правесці для дзяцей майстар-класс.

Заданне: расказаць пра тэхніку выканання работы і намаляваць галоўны сімвал мары – птушку.

Пасля робім выставу малюнкаў.

 

ptushka_7.jpg

 

Рэфлексія.

  • Якія эмоцыі выклікала ў вас мерапрыемства?
  • Што ўразіла вас больш за ўсё?
  • Ці спадабалася вам мерапрыемства?

 

Лундберг, С. Птушка ўва мне ляціць, куды захоча / Сара Лундберг; пер. з шведскай Н. Кандрусевіч. — Мінск : Koska, 2019. — 128 с.

 

Список "Обычные книги про необычных детей" тут.