Інтэрактыўнае чытанне ў цемры:
Працягласць: 45-60 хвілін.
Узрост: 10+
Колькасць удзельнікаў - 12
Каманда "Нябачнага света" ужо другі раз прымае выклік зрабіць чытанні ў поўнай цемры! На гэты раз па матывах “Роні, дачкі разбойніка”.
Дзякуем усёй камандзе і Алене Ветравай.
Калі вы з Мінска - раім Вам наведаць "Нябачны свет". Там чытанні праходзяць у поўнай цемры - зрабіць такую самастойна проста немагчыма.
“Каманда нябачнага света” перадала матэрыялы, каб імі маглі карыстацца ўсе ахвочыя і адаптаваць іх для правядзення з павязкамі на вачах, напрыклад.
На гэты раз мы змяшчаем неадаптаваны сцэнар - хто справіцца з адаптацыяй раней за нас - дзяліцеся!
Што трэба:
Частка 1, вітальна-азнаямляльная
Прапаную пачаць нашу сённяшнюю сустрэчу з прывітальных апладысментаў, моцна выгукнуць штосьці вітальнае…
Сёння мы з вамі будзем размаўляць пра цудоўную аповесць “Роня, дачка разбойніка” Астрыд Ліндгрэн. Скажыце, ведаеце іншыя яе творы? А што чыталі?
Чыталі “Роня, дачка разбойніка? … (Калі не чыталі) як думаеце, пра што яна распавядае? Хто галоўны герой?
Пытанне для тых, хто чытаў: самы яркі момант з аповесці для вас?
Дзякуй за вашыя адказы! Некалькі словаў пра гісторыю аповесці: з’явілася яна на свет у 1981 годзе, кінастужка пра Роню была знятая ў Швецыі ў 1984 г. Астрыд Ліндгрэн прыдумала вобраз гераіні аповесці, абапіраючыся на свайго ж персанажа – Піппі - Доўгаяпанчоха. Роня, як і Піппі, вольналюбівая і незалежная па характары. Але Роні не трэба выдумляць розныя фантастычныя гісторыі пра сябе, бо ў лесе, дзе яна жыве, досыць міфічных істот, жывёлаў, і здараецца шмат чаго цікавага.
Давайце пачнем сённяшнюю размову з таго ўрыўка аповесці, ў якім распавядаецца, як Роня з’явілася на свет. Вы гатовыя слухаць? (Трэк "Нараджэнне Роні")
У ноч, калі Роня з’явілася на свет, грукатаў гром.
Навальніца так усхадзілася, што ўсе лясныя жыхары са страху забіліся ў шчыліны ды норы, і толькі лютыя вятрунні, якія любілі навальніцу больш за ўсё на свеце, са скогатам і віскам насіліся вакол замка на гары.
Крыкі вятрунняў заміналі Лувісе, якая рыхтавалася нарадзіць. Таму яна папрасіла свайго мужа Маціса:
— Прагані іх, я не чую, што спяваю!Справа была ў тым, што Лувіса спявала, чакаючы немаўля. Яна вырашыла, што і ёй так будзе лягчэй, і дзіцятка будзе шчаслівейшае, калі народзіцца пад спеў. Маціс схапіў арбалет і пусціў колькі стрэлаў з байніцы.
— Ляціце прэч! — крыкнуў ён. — У нас вось-вось народзіцца дзіця! Можаце гэта ўцяміць, пачвары?— Хо-хо, у іх народзіцца дзіця ў такую ноч! — завылі вятрунні. — Навальнічы дзіцёнак! От жа вырадак будзе! Хо-хо!
Тады Маціс ізноў стрэліў у самую сярэдзіну зграі, але страшыдлы толькі пасмяяліся з яго і з жудасным ёкатам панесліся прэч над верхалінамі.
Вось так пачалося жыццё Роні. А яшчэ ў тую самую ноч маланка моцным ударам раскалола замак Маціса на дзве часткі. І надалей гэта адыграе важную ролю ў аповесці.
Хто нагадае мне імёны бацькоў Роні? А на каго злавалася Лувіса? Хто гэта такія – вятрунні?
Звычайна кажуць, што імя ўплывае на характар чалавека. Сябры, як вам, дарэчы, імя дзяўчынкі? Прыгожае? Як вы мяркуеце, якая яна па характару? РО – цвёрды склад, НЯ – памяншальна-ласкальны, мяккі. Роня – з англійскага - не такі, няправільны, Роня падобна да іронія, ранімы. Калі вы пазнаёміцеся з аповесцю, вырашыце самі, як тлумачыць яе імя. А ці ведаеце вы тлумачэнне і паходжанне вашых імёнаў? …
Заданне на дом: правесці дослед і пазнаёміцца са значэннем свайго імя, дамовіліся?
Частка 2, кінематаграфічная
Усе жыхары замка – бацькі і разбойнікі - любілі маленькую дзяўчынку і ім падабалася з ёю гуляць, выдумляць для яе гісторыі, назіраць за тым, як яна гадуецца.
Прапаную нам таксама трошкі пагуляць. Згодныя? Уявім, што здымаем кінастужку, свой варыянт. Я вам буду гаварыць, што рабіць, а вы выконвайце з дапамогай рук, ног, голасу. Я вам расказваю гісторыю, а вы яе агучваеце. Для пачатку давайце устанем з месцаў.
Аднойчы шайка Маціса скакала па лесе.
Выў моцны вецер.
Недзе вылі воўкі і вухкалі совы.
Разбойнікі пад’ехалі да замка.
Спыніліся.
Саскочылі з коней.
Увайшлі ў замак.
Зачынілі дзверы.
Яны адагравалі рукі пасля марозу.
Памылі іх. Стрэслі ваду, а некаторыя абцерлі рукі аб вопратку.
Селі па лавах. Атаман спытаў: “А ці ўсе тут, мае разбойнічкі? Давайце палічымся!” І разбойнікі пачалі выкрыкваць свой нумар па чарзе.
Добра. Давайце есці. Яны з’елі кашы. Запілі смачным квасам і стомленыя паснулі там, дзе сядзелі.
Выдатна ў нас атрымалася! Вы сапраўдныя акторы!!!! Апладысменты!
Рухаемся далей!
Аднойчы Маціс зразумеў (і як жа яму гэта не спадабалася), што час прыспеў, і трэба адпускаць дачку гуляць у лесе, каб яна вучылася выжываць і была бліжэй да прыроды.
Перад тым як дазволіць ёй ісці адной у лес, Маціс даў Роні цудоўную параду і навучыў яе: нічога не баяцца ў ягоным лесе, таму што ўсе пачвары адчуваюць страх і жах і ляцяць на іх з яшчэ большай ахвотай.
І Роня пачала вучыцца нічога не баяцца і сцерагчыся небяспекі.
Зараз прапаную вам паслухаць запіс пра тое, як Роня бавіла час на волі. А потым раскажаце, что пачулі. (Слухаем 4 урыўкі, абгаворваем, што на запісах і якая пара года адлюстравана).
Трэк "Восень" / Трэк "Лета" / Трэк "Зіма" / Трэк "Восень"
Дзякуй за адказы. А якая пара года вам падабаецца больш за ўсё і чаму?
А колькі вас сёння ў гэтай зале і колькі было разбойнікаў?
Ведаеце, аўтары мастацкай літаратуры ніколі нічога не робяць так проста. Як мяркуеце, а што гэта за лічба такая 12? (сімвалізуе поспех, шчаслівая лічба, тузін, месяцы года, лічбы на гадзінніку, знакі задыяку, колькасць вучняў Хрыста і рыцараў Круглага стала караля Артура, пасля дня народзінаў 12 дзён змогуць даць напрамак для наступнага года жыцця).
Частка 3, падарожная
Добра! Ну, а я вам раскажу, што было далей. Аднойчы каля расколіны (я вам пра яе казала напачатку), якая падзяляла замак на дзве часткі, дзяўчынка сустрэла хлопчыка – Бірка, сына атамана Боркі (заклятага ворага Маціса). Здагадаецеся, колькі было разбойнікаў у ягонай шайцы? Так, 12!
Як вы разумееце, Бірк з Роняй былі падобныя адзін да аднаго. Здагадаецеся, чаму? Калі нарадзіўся хлопец? У тую самую навальнiчную ноч, што i Роня!
Няглездячы на тое, што іх бацькі былі заклятымі ворагамі, дзеці змаглі пасябраваць і разам гулялі, шукалі сабе цiкавосткі і нават выратоўвалі жыццё адзін аднаму. Аднойчы адбылося так, што дзеці вымушаны былі нават сысці з дому і пасяліцца ў мядзвежай пячоры. Але пра ўсё гэта падрабязна вы самастойна прачытаеце ў аповесці, згодныя?
Ну, а мы зараз уявім з вамі, што самі блукаем у цемры па адным з падземных ходаў замка разбойнікаў. А каб не згубіцца, прапаную вам падзяліцца на дзве каманды – першы шэраг і другі.
Памочнікі перадаюць першаму вандроўніку канец вяроўкі – паса – а вы перадавайце яго наступнаму. Самі пачынайце прасоўвацца наперад уздоўж вяроўкі. Вы будзеце знаходзіць на сваім шляху мяшэчкі з нечым цікавым; паспрабуйце здагадацца, што там ляжыць. І рухайцеся далей.
А мэта падарожжа – стол у вялікай зале замка Маціса. Сядайце, а можаце і пастаяць, калі зручней. Што было на вяроўцы ў мяшэчках. На стале ў вас кошык з мяшэчкамі з вашай вяроўкі. Паспрабуйце даведацца яшчэ раз, што там. … А ці складана было пазнаць, што ляжыць у мяшэчках? (калі трэба памяняемся кошыкамі)
Частка 4, моўная
Сябры, ці памятаеце на якой мове была напісана аповесць? А як яна гучыць па-беларуску? Навогул, на якой мове вам было б зручней яе чытаць?
Паколькі мы з вамі беларусы, прапаную гульню ў тлумачэнні. Я называю вам слова, якое сустракаецца у творы, а вы яго значэнне, але выключна па-беларуску.
Пачнем з простых: падтакнуць, караскацца, саслізнуць з валуна, зрывістыя скалы.
А цяпер трохі цяжэйшыя: гайдацца, рабаваць, сцяміць, надоечы, няўрымса, торгаць.
(да кожнага слова ёсць падказка з кантэксту, калі трэба - слухаем):
Роня часам пхала лыжку, ад чаго нават бровы Маціса аказваліся ў кашы. Калі гэта здарылася ўпершыню, разбойнікі зарагаталі так гучна, што Роня спалохалася і заплакала. Але неўзабаве сцяміла, што зрабіла нешта вясёлае, таму намагалася пацэліць па лыжцы і вельмі смяшыла разбойнікаў.
Там, у вузкім горным перахозде паміж лесам Боркі і лесам Маціса, заўсёды хаваліся разбойнікі. Вандроўнікам, зрэшты, было ўсё адно, хто іх рабаваў. Але Мацісу і Борку — не. Яны біліся за здабычу, як драпежныя птушкі, а часам і рабавалі адзін аднаго, калі не хапала спажывы.
Вакол возера ляжалі вялікія замшэлыя валуны, на якія можна было караскацца, і раслі высокія яліны ды сосны, на чыіхі галінах можна было гайдацца.
— Не будзь Борка такі дурны, я б яго нават пашкадаваў, — аднойчы ўвечары сказаў Маціс. — Надоечы (напярэдадні, нядауна, жаўнеры зладзілі ў лесе аблаву.
Роня падымалася з першымі промнямі і, якое б ні было надвор’е, бегла ў лес, а Лувіса клала ёй у скураны мяшэчак акраец хлеба і біклажку малака.
— Відаць, што ты нарадзілася ў навальнічную ноч, — казала Лувіса. — Такія дзеці заўсёды няўрымсы.
Роня адразу адчула, як пас балюча сціскае бакі. Яна стагнала кожны раз, калі Бірк торгаў, узбіраючыся наверх.
Раскажыце, было цяжка тлумачыць словы? А чаму? Ці ўсе словы былі зразумелыя, альбо вы здагадваліся з кантэксту?
Частка 5, салодкая (ці не, як атрымаецца)
Ведаеце, дзеці – Роня і Бірк – вельмі добра адчувалі навакольны свет. Шанавалі прыроду, ведалі як з ёю сябраваць. Умелі радавацца ўсяму, нават самаму простаму. І аднойчы дзяўчынка рассказала Бірку рэцэпт свайго ўлюбёнага пірага. Як вам падаецца, з чаго яна яго спякла? Што дадавала для смаку?
На самой справе, пірог атрымаўся выдатны, ну а я вам прачытаю ўрывак з аповесці, дзе пра гэта гаворыцца:
— Я збіраю лета, як дзікія пчолы — мёд, — казала яна. — Рыхтую вялікія запасы лета, каб сілкавацца, калі… будзе ўжо не лета. Ведаеш якія?
І яна стала распавядаць:
— Такі агромністы пірог з усходаў, чарнічніку, поўнага ягад, вяснушак, якіх безліч на тваіх руках, і месяцовай дарожкі на рацэ ўночы, і зорнага неба, і лесу ў паўдзённую спёку, калі сонца скача па соснах, і цёплага вечаровага дажджу; і ў гэтым пірагу
усё-ўсё: і вавёркі, і лісы, і зайцы, і ласі, і дзікія коні, увесь наш табун, і калі мы плаваем, і калі ездзім верхам, вось, бачыш, пірог з усяго, што ёсць лета!— Выдатна атрымліваецца! — захапіўся Бірк. — Пячы такія заўсёды!
Прапаную кожнаму з вас уявіць, з чаго б вы пяклі ваш выдатны пірог. Што б вы дадалі ў яго? Ён складаецца з некалькіх ярусаў. І кожны з іх вельмі важны для вас… Хто хоча, можаце падзяліцца думкамі?
Шаноўныя, зараз прыспеў нам з вамі час трошкі папрацаваць сваімі рукамі і зрабіць нешта значнае для сябе.
Калі гэты пірог з’явіўся ў вашым уяўленні, трэба яго неяк матэрыялізаваць. Зараз кожнаму з вас мы дадзім падрыхтаваны макет пірага/торта, а затым я буду раздаваць рознакаляровыя маркеры для таго, каб вы размалявалі і ўпрыгожылі вашыя кандытэрскія вырабы як падабаецца. Буду называць колер, а вы запамінайце яго, а потым перадавайце сваім суседзям.
Таксама ў нас ёсць рознакаляровыя алоўкі. Калі трэба, можаце дадаць і нейкія ўпрыгожванні з іх дапамогай. Малюйце і ўяўляйце ваш пірог, тое, што вы жадаеце ў ім бачыць!
Гатовыя? Я ўпэўнена, што ў вас выдатна атрымалася! Хутка вы зможаце паглядзець, што ў вас атрымалася.
Частка 6, развітальная
Сябры, нашая сутрэча амаль скончана. Але я б хацела, каб мы зрабілі зрабілі яшчэ адну цікавую рэч.
У нашай Роні была цудоўная традыцыя. Пасля цяжкага перыяда ў жыціі – для Роні гэта была зіма, яна сыходзіла глыбока ў лес, і каб пазбавіцца цяжкіх успамінаў і перагарнуць новую старонку свайго жыцця, ведаеце, што яна рабіла? … Яна выкрыквала вясновы крык. Гэта было падобна да крыку драпежнай птушкі. Гэты крык – аднаўленне, новы старт, нешта прыемнае наперадзе.
Глядзіце, што вас зараз чакае? – канікулы! Дык давайце павітаем канікулы вясновым крыкам! Адзін-два-тры!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!
Выдатна! Дзякуй, сябры!
Час развітвацца, дарагія!
Буду раіць вам прачытаць самастойна аповесць “Роня, дачка разбойніка”. Мне здаецца, кожны можа знайсці ў ёй нешта карыснае для сябе: яна і для бацькоў падлеткаў, і для дзетак, якія мяркуюць, што іх не разумеюць, і для тых, хто любіць прыроду і жывёл, і для тых, хто нічога пра яе не ведае. Пра сяброўства і вырашэнне канфліктаў. І нават пра містычных істот.
Развітваемся з вамі, да пабачэння!