Мы радыя, што на адзін спектакль па-беларуску сталася болей!
Спектакль па матывах кнігі, беларускай кнігі і ў дадатак - кнігі не пра такіх, як усе!
Спецыялісты называюць такія кнігі інклюзіўнымі, але гледачам пра гэта ведаць было неабавязкова, таму яны проста глядзелі гісторыю пра чырвонага кракадзільчыка, які хацеў зрабіцца зялёным.
Хіба гэта не прыўкрасна, быць менавіта чырвоным кракадзільчыкам? - запытаецеся вы. І мы б адказалі, але не будзем, каб не пазбавіць вас задавальнення як ад чытання, гэтак і ад спектакля.
Каляровыя цені, маляванне святлом, гульні з гледачамі падчас імпрэзы, - Галіна Савельева (тэатр святла і ценяў “Дом сонца”) распавяла незвычайную гісторыю незвычайным чынам.
За гэта мы ёй вельмі ўдзячныя. Неперакладных беларускіх кніг пра незвычайных герояў відавочна не стае. З моманта выдання “Кразі - чырвоны кракадзільчык” мы марылі, каб хто-небудзь распавёў гэтую гісторыю мовай тэатру. І вось у межах чытацкага YA(Я) марафону мара здзейснілася!
Дзякуем аўтарцы, Надзеі Кім, якая дазволіла свайму кракадзільчыку жыць новым жыццём!
Падчас спектакля Кразі паспеў пабыць мяккай цяцкай, лялькай для тэатра ценяў, маляваным святлом кракадзільчыкам, спяваў, бавіўся суперцікавымі гульнямі (чытайце, не будзем спойлерыць) і нарэшце знайшоў сяброў.
Дарэчы, сяброў не адразу адгадалі нават тыя зануды, якія загадзя чыталі кнігу.
Паспрабуйце і вы: хто ж яны?
Пасля ўсіх нас запрасілі на дзень нараджэння Кразі. А некаторым нават дазволілі дамаляваць да торта падарунак!
Хочаце пагаварыць са сваім дзіцяці пра людзей з асаблівасцямі (і кракадзільчыкаў)? Чытайце кнігу Надзеі Кім “Кразі - чырвоны кракадзільчык” і глядзіце спектакль “Дзівосныя”
Да новых сустрэч!