Як вы ведаеце, каманда фестывалю "Горад і Кнігі" шмат чытае з дзіцячага і падлеткавага, што выходзіць на беларускай і рускай мовах ў перыяд паміж фестывалямі.
Некаторыя кнігі мы бачым яшчэ ў верстцы. Агульны спіс нашых захапленняў мы раскрываем на фестывалі, а сёння, перад Новым Годам, дзелімся з бібліятэкамі беларусскімі кнігамі, якія нельга прапусціць.
(Усе яны выйшлі ў беларускіх выдавецтвах, што асабліва актуальна для бібліятэк прыкладна з лета) |
|
Андэрсан, Л. Мулан і бабуля / Лена Андэрсан. — Мінск : Koska, 2019. — 26 с.
Цудоўная кніжка для самых маленькіх. Дзень маленечкай Мулан у малюнках, словах і караценічкіх сказах. Дзіцячая рэчаіснасць, як яна ёсць. Такой кнігі на беларускай вельмі не хапала.
Чаму важна мець яе ў бібліятэцы? Кніг на беларускай для самых маленечкіх — можна пералічыць па пальцах адной рукі. І, калі ўжо на тое пайшло, на англійскай знайсці падобную кнігу прасцей, чым на роднай мове. Ура, лёд нарэшце скрануўся. |
|
Ільюшына, Л. Ключ дарог. Пачатак / Лілія Ільюшына. — Мінск : Галіяфы, 2019. — 352 с.
Фэнтазі, якое больш, чым фэнтэзі, нязвыкла-негераічны герой і чытацкая разгубленнасць ў самым добрым сэнсе. Спачатку мяркуеш самае верагоднае, потым успамінаеш легенды, а потым уважліва сочыш за кожным сказам так пільна, як толькі можаш. Сэнсаў закапана зашмат, і - трэба сачыць за рукамі аўтара. Уважліва сачыць за рукамі.
Чаму важна мець яе ў бібліятэцы? Шчыра лічым кнігу падзеяй для беларускага падлеткавага фэнтазі. Моцная дэбютная заяўка ад аўтаркі, якая, дарэчы, у адрозненне ад аўтараў усіх іншых кніг у спісе, жыве ў Мінску, а значыць — даступная для запрашэння ў бібліятэкі. |
|
Карл, Э. Вельмі галодны вусень / Эрык Карл. — Мінск : Галіяфы, 2019. — 22 с.
У 2019 годзе кніжка-карцінка «Вельмі галодны вусень» адзначыла паўвекавы юбілей. Колькасць моў, на якія яе перавялі, вымяраецца дзесяткамі. Беларускі увайшоў у іх лік роўна да юбілею. Сімвалічна. Але яшчэ сімвалічна тое, што ў дзіцячыя пакоі Беларусі ўваходзіць легендарная кніга, якая шмат у чым вызначыла аблічча сучаснай кнігі для маленькіх.
Чаму важна мець яе ў бібліятэцы? Дарэчы, гэта самая папулярная дзіцячая кніга ў свеце. Наўрад ці нам хутка свеціць перавыданне на беларускай мове, а значыць — самы час набыць яе ў бібліятэку (і ўсім наяўным і чаканым дзецям — як зрабілі мы) |
|
Лагеркранц, Р. Маё шчаслівае жыццё / Роўз Лагеркранц; мастак Эва Эрыксан; пер. са швед. Н. Кандрусевіч. — Мінск : Koska, 2019. — 144 с.
Мяккая і ўтульная гісторыя пра дзявочую дружбу, шчаслівая, жыццесцвярджальная і добразычлівая. І гэта нягледзячы на тое, што ў кнізе цэлы кактэйль з вельмі супярэчлівых і складаных дзіцячых пачуццяў і перажыванняў!
Чаму важна мець яе ў бібліятэцы? Каб пагаварыць з дзіцем аб пачуццях і шчасці. Дарэчы, галоўная гераіня ідзе ў першы клас, і раіць кнігу будучым першакласнікам — добрая ідэя! |
|
Лундберг, С. Птушка ўва мне ляціць, куды захоча / Сара Лундберг; пер. з шведскай Н. Кандрусевіч. — Мінск : Koska, 2019. — 128 с.
Простая, сціплая гісторыя пра дзяўчынку Бэрту, якая марыла стаць мастачкай. У тыя часы (пачатак 19 ст.) гэта было амаль немагчыма. Бо — дзяўчынка, а іх месца пры гаспадарцы. Бо — з вёскі. Падобных гісторый шмат, і часцей за ўсе яны пра бунт, а гэтая — пра мару. Не проста вырвацца з прыкрага ладу жыцця, а туды, “дзе я была б той, хто я ёсць”. Стацца свабоднай, але свабоднай дзеля чагосьці.
Чаму важна мець яе ў бібліятэцы? Цудоўная кніга. У якой трапны не кожны сказ — кожнае слова. Абсалютны мастрыд. |
Падрабязней пра кнігі, якія мы называем лепшымі ў рамках фестывальнай прэміі "Ліхтар" — тут.