10+10: Дзмітрый Рубін

Дзмітрый Рубін

пераможца спецпраекта фестываля "10+10"

 

Пра галубоў і людзей, або Людзі размаўляюць

 

– Так людзі не размаўляюць, – сказала выкладчыца. – Дзе вы бачылі, каб так людзі размаўлялі? Людзі так размаўляць не могуць.

 

– А як могуць?

 

– Не так могуць. Пахадзіце ды паслухайце. Занатуйце, напрыклад. Пабачыце, што зусім не так, як у вас. У вас не так зусім. Абы-што ў вас, а не дыялогі. Пабачыце самі.

 

Я хацеў сказаць, што хадзіў, слухаў, занатоўваў, але мне надакучыў гэты дыялог. Лепш паспрабую яшчэ раз. Яшчэ адзін раз. І калі мне зноўку скажуць штосьці такое і нічога сапраўды патрэбнага мне, важнага, важкага, то сыду і не вярнуся. Сыду і не вярнуся. Не вярнуся. Усё.

 

Ісці ў Школу маладога пісьменніка я зусім не хацеў. Я быў упэўнены, што нічога там цікавага няма. Гутарыў з рознымі людзьмі, знаёмымі ўжо з гэтай з’явай. Усе раілі, казалі: Школа маладога пісьменніка абавязковая для ўжывання любым парадашным маладым пісьменнікам. Казалі, што пасля абвучання я не буду адчуваць сябе дробным дылетантам, буду адчуваць дылетантам, які сапраўды магёць. Буйным дылетантам.

 

Дылетантам я сябе ніколі не адчуваў. Толькі зрэдку. Калі ў стане дэпрэсіўнага аптымізму гартаў старонкі любімых кніг, чытаў вялікія тэксты, напісаныя не мной, а, здаецца, самой трапнасцю і прыгажосцю. Радок за радком я глытаў вачыма і адчуваў, як яны раз’ядаюць мой мозг, утоптваюць яго ў зямлю: “ведай сваё месца, згустак шэрай жыжы”.

 

Адзін сталы чалавек сказаў, што я нічога не губляю. Пасядзець час ад часу ў асяроддзі людзей, якія цікавяцца літаратурай ці литературай ці не цікавяцца – гэта не найгоршы варыянт, тым больш, калі там кормяць і стымулююць да напісання тэкстаў. Аргумент быў аргументам. Я падумаў і пагадзіўся. У крайнім выпадку ніхто мяне не будзе трымаць за рукі, ногі, іншыя часткі цела. Надакучыць ці не надакучыць, але сысці і не вярнуцца можна заўсёды. Прынцып, на якім круціцца Зямля.

 

Напісаў апавяданне. Нават добрае. Мне спадабалася. Такое рытмічнае і пра фальклор, і пра псіхозы, і пра прыроду. Добрае апавяданне. Які малайчына. Цуд, а не дылетант. Нават думаў не дасылаць. Калі я зараз такое пішу, то навошта мне якая школа. “Асяроддзе і стымул” – паўтарыў сабе, і вось я тут. Думаю, куды ісці за дыялогамі і чаго да іх прыдзяўбліся. У мяне ж не адны дыялогі ў апавяданні былі. Там яшчэ шмат чаго. Думкі там, напрыклад. А дыялогі нават у Дастаеўскага не кожнаму падабаюцца. І ў Хэмінгуэя ні кожнаму падабаюцца. А можна і ўвогуле без дыялогаў пісаць і радавацца.

 

Жыву я ў Мінску на Серабранцы. Там Лошыца паблізу, вадасховішча быццам, касцёл будуюць Яна Хрысціцеля, трамваі, а калі крыху прайсціся, то і Чыжоўка, а калі зіма і лёд, то прайсціся нашмат менш. Толькі справа не ў гэтым, справа ў дыялогах. Я пра дыялогі вось хачу расказаць, калі не заўважылі. Мінск – гэта добра. Трамваі – ўвогуле крута. Адзін трамвай стаў і ўсё: ніхто і нікуды. А яшчэ весела разам з кантралёрамі без квітка з трамвая ў трамвай пераходзіць. Дыялогі там самі ў вушы лезуць, калі слухаўкамі не заткнеш. Я іх часам запісваю, а часцей не. Выкладваю пасля, напрыклад, у фэйсбук – і досыць. А вось вырашыў у апавяданне напісаць, і адразу – “людзі так не размаўляюць”. Хоць ты вазьмі і курачку Рабу галоўнай гераіняй зрабі, каб было, як людзі. То бок, каб не было, як людзі. Насамрэч, не мае значэння, бо я зноў у адну нядзелю пайшоў да крамы “Дабраном” пастаяць, паслухаць, як людзі размаўляюць. Адразу ж да мяне і пасунуўся выразнай знешнасці індывід, з выразна выражанымі намерамі.

 

– Разрэшыце? – спытаў ён, а я прамаўчаў, а ён вырашыў, што разрэшыў. – Вы самі адкуль? Я вот савсем не местный. Вы понімаете, что я хачу сказаць.

 

Я панімаў.

 

– Я хочу дамой. Вы знаете, каково это – не іметь возможності отправіться домой? Это неімоверно совсем. А там у меня муж, жена, трое детей, горнішная. Неімоверно.

 

Ён супініўся, смакуючы слова, якое выпадкова трапіла ў яго рот. Як рызынка ў булачку з павідлам. Як павідла ў булачку з разынкамі. Што гэта? На цэтліку гэтага не было.

 

- Неімоверно.

 

Слова яму вельмі спадабалася. Мне падалося, калі яго не супыніць, то ён так і застанецца стаяць тут пад крамай, глядзець на праспект Ракасоўскага і паўтараць-паўтараць-паўтараць.

 

– А хто эта быў Ракамсовскій?

 

– Не смешна.

 

Ён паглядзеў на мяне пакрыўджана. Побач узляталі галубы, а затым апускаліся зноў, быццам прывязаныя нябачнымі ніткамі. Быццам яны ніякія не птушкі. Няма ў іх ні свабоды, ні палёту, толькі ўзлёт і падзенне. Быццам яны ілюстрацыя ўсіх спроб пісьменнікаў адарвацца ад нізкага, празмерна чалавечага, адарвацца ад сваёй крыві і плоці, каб стаць небам, стаць большым за любую большасць.

 

Чалавек таксама глядзеў на галубоў. Пра што ён думаў? Магчыма, пра тое ж, а можа пра дом. Мужа, жонку, трох дзяцей, пакаёўку. Пакаёўка? Гучыць, як палёўка. Адразу і ўяўляецца такая дзвюхногая мыша ў фартуху. Вось пра яе і напішу, каб не трэба было, як людзі. Ці лепш пра тых самых галубоў. Галубы – яны сімвал гэтага горада. Калі людзей і галубоў памяняць месцамі, то ніхто і не заўважыць. Усё будзе дакладна, як і раней. Адны будуць натоўпам соўвацца туды-сюды ў пошуках ежы, другія будуць рабіць тое ж. Розніца ў вышыні ўзлёту і ў глыбіні падзення.

 

Чалавек сышоў. Я за ім. Ён ад мяне. Я за ім. Чаму? Не ведаю. Штосьці вось захацелася паглядзець, куды ён пойдзе. Бо ніякага ўяўлення няма, адкуль з’яўляюцца галубы, адкуль з’яўляюцца гэтыя выразныя людзі. Яны проста ёсць. Са сваім трагічным мінулым і адсутнасцю будучыні. Ці са сваёй трагічнай будучыняй і адсутнасцю мінулага. Я за ім. Ён ад мяне. Не пабачыў, як забеглі ў парк. Як ён там называецца? Там яшчэ базар “Серабранка”. Ну, вы можаце на карце глянуць. Гэта той самы парк, дзе да Чыжоўкі рукой падаць, калі праз лёд ісці. Лёду не было. У той дзень. Але чалавек, як сапраўдны багалюбец (ці як называюцца гэтыя людзі) пайшоў па вадзе. Я б за ім, але – не. Супыніўся. Гляджу. Ён супыніўся. Памахаў мне рукой, затым хвастом, і знік.

 

Вось тут патрэбна была б мараль. Але не люблю я мараль. Мараль – яна сваё аджыла. Цяпер час для меркаванняў. Кожнаму сваё. Адзін узляціць і на помнік нагадзіць, а другі пад гэтым помнікам спаць ляжа, і не адрозніш, хто чалавек, а хто не, пакуль гутарку не завядзеш. Гэта галоўнае. Да гэтага я і вёў. Людзі размаўляюць толькі, як людзі. Беражыце сябе.

 

Тэги: