Аляксей Кулакоў
пераможца спецпраекта фестываля "10+10"
Інтэрв’ю
Я яшчэ не такі стары, як Рым ці Ерусалім, але ўсё ж і не малады: у мінулым годзе мне стукнула аж 950 гадоў.
Я прачынаюся даволі рана, калі многія з вас яшчэ бачаць сны. Прыводжу сябе ў парадак, бо гораду не пасуе быць неахайным. Дворнікі старанна наводзяць марафет, прычэсваюць мяне сваімі мяцёлкамі. Наношу на сябе парфюм са змешаных пахаў выпечанага хлеба з завода, вытанчаных і не вельмі страў рэстаранаў і сталовых, водару кавы. Я – не я без дыму машын, працоўных фабрык і карысных электрастанцый. У маім парфуме таксама можна адгадаць водар свечак з цэркваў і касцёлаў, лекаў з бальніц і паліклінік, і трохі нотак свежых часопісаў, газет і кніг. Асабліва мне падабацца тое, чым пахне на вакзалах і чыгунцы, гэты чароўны пах падарожжаў адурманьвае і быццам бы зносіць за сабой далёка-далёка. Кудысь, куды я ніколі ў жыцці не змагу трапіць, бо я ўсяго толькі горад, асуджаны вечна стаяць на адным месцы.
Як кроў па венах, па маіх дарогах, праспектах і тратуарах рухаюцца вечна занятыя людзі. Іх так шмат, амаль два мільёны жыхароў, маіх родных дзяцей. І за кожным трэба сачыць ды сачыць! Тыя яшчэ гарэзнікі.
Але я жывы, жыву і буду жыць толькі да таго часу, пакуль па гэтых венах-дарогах не перастануць рухацца мае гараджане. Яны дораць мне новыя ўборы, будуючы пампезныя палацы, храмы і проста ўтульныя дамы. Яны лечаць мае раны, калі займаюцца рамонтам. Засцілаюць мяне дыванамі з кветак, дрэваў і дагледжаных газонаў. Яны пішуць маю гісторыю, не даючы нашчадкам забыцца пра мінулае (хоць, шчыра кажучы, далёка не ўсё з напісанага – праўда).
Такія розныя, і так па-рознаму ставяцца да мяне, але яны ўсе мае дзеці, і ўсіх я люблю аднолькава.
Я дыхаю паркамі і скверамі, мыюся прыгожымі рэкамі і фантанамі, сустракаю гасцей сталіцы, выпраўляю сваіх жыхароў у дарогу. Спяшаюся на працу і вучобу, лячу, будую, пішу, спяваю і танчу, улюбляюся, цалуюся на мостах, кармлю качак, чакаю трамваяў. Так-так, гэта ўсё я, у кожным позірку любой жывой істоты ў межах Мінскай кальцавой аўтадарогі ...
У бясконцай мітусні дня не паспееш апамятацца – і надыходзіць вечар. І тут ужо самы час адпачыць. Хочаш расслабіцца – дзверы ў бар для цябе адчыненыя. Хочаш пасумаваць, пасмяяцца, задумацца і ўсё гэта за паўтары гадзіны? Тады ўжо ў тэатр паспяшайся набыць квіток. Не таго душа жадае? Канцэрт, більярд, кіно, баня, цырк, казіно, выбірай, што хочаш!
Ну а потым, калі ўсе стаміліся і раз’ехаліся па хатах, я ўкрываюся яркай коўдрай начных ліхтароў і кладуся ненадоўга спаць, каб зусім хутка прачнуцца і пачаць новы, поўны ўражанняў дзень…
Многія думаюць, быццам я – не жывы... І дазваляюць сабе выкідаць смецце на мае вуліцы, забруджваць мае ракі, псаваць мае будынкі, і паліць вогнішчы ў маіх парках, пазбаўляючы мяне кіслароду.
Бывала і яшчэ горш: колькі войнаў я перажыў! Страціў сваё замчышча і столькі архітэктурных помнікаў, што і не пералічыць. Увогуле, разбуралі мяне ўздоўж і ўпоперак. Як кажуць, дзякуй, што жывы.
Мне часам падаецца, што я люблю вас, людзей, неўзаемнай любоў’ю. Але я ж не першае стагоддзе на зямлі, то не крыўдую, выбачаю.
Проста хачу, каб вы ведалі: у вашага горада таксама ёсць душа.
Чалавек, які пражыў не адно жыццё
Справа была ў адным правінцыяльным для Еўропы, і, мабыць, самым галоўным для адной краіны горадзе – Мінску.
Ведаў я аднаго арыгінала, які прымудраўся быць яго неад’емнай часткай і разам з тым – абсалютным невідзімкам.
Ён прачынаўся раней за ўсіх, бо ў яго мільён спраў. Перш, у залежнасці ад пары года, ён выходзіў з дому і прыбіраў ваколіцу, сцежку расчышчаючы зімой ад снегу, восенню – ад лісця, вясной – ад бруду, летам – ад пяску.
Далей яго шлях ішоў праз вакзал, там ён затрымліваўся не менш чым на гадзіну, бо людзям трэба было дапамагчы: распавесці, дзе можна недалёка і нядорага паесці, як даехаць да нейкай вуліцы, дзе знайсці патрэбную платформу. Потым ён заходзіў у вароты горада, ішоў да Міхайлаўскага сквера і выкідаў у сметніцу дзясяткі недакуркаў, што так дысаніравалі з зялёным астраўком у цэнтры горада.
Побач са скверам ён ведаў адну маленькую кавярню, у якой стаяў чырвоны раяль. Ён сядаў за раяль і граў дзве-тры песні, перш чым працягнуць шлях. Адміністрацыя ўжо нават падумвала над аплатай, ведаючы, што некаторыя наведвальнікі заходзяць адно дзеля таго, каб паслухаць яго выкананне. Але ён выпіваў шклянку капучына, шчодра даваў чаявыя і сыходзіў.
Далей ён падымаўся да праспекта Незалежнасці, заходзіў у чырвоны касцёл, ставіў свечку з нейкай асабістай прычынв і сыходзіў у бок Нямігі. Ідучы па вуліцы Рэвалюцыйнай і Камсамольскай, нельга не заўважыць, што вуліцы рамантуюць, рэстаўрыруюць, і нашаму герою вельмі карціла паскорыць гэты працэс. Таму на пару гадзін ён дапамагаў будаўнікам, быў бясплатным рознарабочым.
Далей ля Свіслачы ён даставаў з заплечніка лустачку злёгку чэрствага батона і крышыў яго перад сваімі ўлюбенцамі – качкамі. А каля Кафедральнага сабора нярэдка сустракаў жабракоў з працягнутымі рукамі. Ён падыходзіў – і ў іхніх руках ужо было па колькі манет. Вядома, ён разумеў, што некаторыя з іх прамяняюць іх не на хлеб, а на 100 грам у Цэнтральным, але гэта была ўжо не яго справа.
Пасля ён сядаў на аўтобус да Зялёнага Луга. У транспарце, зразумела, саступаў месца пажылым і пасажырам з дзецьмі. А то і прадстаўніцам прыгожаму полу. Ён выходзіў на прыпынку, дзе знаходзіўся дзіцячы дом. Туды ён перадаваў штодзень якую-небудзь карысную штуку ці цацку.
Яшчэ было не вельмі позна, і ў яго звычайна хапала часу, каб з’ездзіць у цэнтр для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, што быў непадалёк. Гэтыя дзеці не разбэшчаныя лішняю ўвагай, і гуляць з нашым героем ім было цікава.
Далей, праходзячы шэрыя двары хрушчовак, нельга не звярнуць увагі на бабуль, якія сумуюць на лавачках. І ён не рэдка заседжваўся з імі, каб пагаварыць пра сэнс жыцця і пра тое, якая цяпер пайшла моладзь.
Ужо час ішоў да вечара, і наш герой, як цень ад ліхтара, шмыгаў зноў у цэнтр. Ён заходзіў у які-небудзь з мясцовых бараў на Зыбіцкай, каб пачаставаць сустрэчных мужыкоў куфлем піва. Яны ахвотна згаджаліся, хоць і не заўсёды дзякавалі. А па выхадных ўяўляеце, ён рабіў вячэру на дзясяткі чалавек, выносіў у двор і частаваў любога суседа, часцей з тых, хто жыве ў нястачы.
Такі вось быў чалавек. Ніхто не ведаў, колькі яму гадоў і як яго завуць. Яго лічылі дзіваком. А толькі яго гэта не бянтэжыла.
Бо ён быў часткай аднаго арганізма, як транзістар на плаце прыбора, як галінка дрэва.
Ён не быў богам, але пражываў дзясяткі жыццяў: за адзін свой дзень быў і дворнікам, і будаўніком, і лекарам, і поварам.
Ён – частка свайго горада. На жаль, дабрыню такіх маштабаў вельмі часта людзі лічаць ідыятызмам. Адны не зразумеюць, іншыя вырашаць, што гэта не абавязкова, трэція здзівяцца: за гэта ж не плацяць!
Кожны з тых людзей, напэўна, марыў спазнаць не адно жыццё, ды вось толькі адно таму дзіваку гэта ўдаецца.
Прагулка
…павярнуўшы з Nezalezhnasci-Avenu, праехаўшы крыху па Lenina-Street, я зноў побач са сваёй любімай Nyamiga-River. Няміга.
Цікава, што ўлады горада вырашылі пакінуць ранейшыя назвы вуліц, дзеля памяці. Баюся прызнацца, але я ўжо і не памятаю з гісторыі, хто такі Lenin. Па-мойму, ён многае змяніў гадоў так 300 таму. No?
Прыемна прайсці па ўзбярэжжы Nyamiga. Гэта маленькая рэчка, але я проста адчуваю колькі таямніц ў ёй схавана за сотні гадоў, што яна правяла ў зняволенні пад зямлёй. Не так даўно яе вызвалілі з бетону, адкрылі людзям.
Minsk – гэта выдатны горад, і я ганаруся, што жыву тут. Не тое каб я быў карэнным мінчуком: мае дзядуля з бабуляй пераехалі сюды тады, калі пачаліся глабальныя рэформы па светабудове. З тых часоў беларускі rubel стаў рэзервовай валютай, а ў міжнародны фінансавы цэнтр Minsk-City злятаюцца з усяго свету.
Тут калісьці размаўлялі пераважна па-руску, і сёння гэта цяжка ўявіць, бо цяпер тут гучаць толькі беларуская і англійская мова. Рускую можна знайсці хіба што на старых шыльдах у закінутых раёнах, на будынках з цэглы і каменю. Цяпер ўсё шкляное ды люстраное, пад колер неба. Nice.
Па дарогах горада практычна нельга ўжо ўбачыць аўтамабілі з коламі, хіба што старэнькія "Мэрсэдэс", года так 2180-га. Ужо даўно ўсё пераселі на лятаючыя звышхуткасныя "MAZ". Зручна і экалагічна.
Іду паўз Svaboda-Square. Тут у Verhni Horad захаваліся цэрквы і касцёлы ажно XX-га стагоддзя. Wow!
З падручнікаў я чытаў, што ў час World War II знішчылі 90 працэнтаў горада. Шкада, што тады яшчэ не былі прыдуманы ахоўныя купалы для гарадоў, якія не прапускалі бомбы, ды супрацьпажарныя пакрыцці для будынкаў. Тады б усё б ацалела на памяць нашчадкам.
А вось і сэрца горада: на Kastrychnitskaya-Square узвышаецца статуя волата Менеска. Кажуць, гэта ў гонар яго названы Minsk.
Увогуле, цікавосткі можна выявіць, толькі пакуль гуляеш пешшу. Шчыра сказаць, гэта – мая першая прагулка па горадзе. Зараз ні ў кога няма часу на гэта: высокія тэхналогіі, усёпаглынальный інтэрнэт, ўсюдыісныя гаджэты, і кожны, як шасцярня, павінны рухаць механізм прагрэсу.
А час цячэ, як вада, лёгка і нязмушана. Людзі мяняюцца, мяняюцца будынкі і тэхналогіі, а горад стаіць на месцы, усё бачыць і чуе.
І памятае.