10+10: Аліна Длатоўская

Аліна Длатоўская

пераможца спецпраекта фестываля "10+10"

 

Недапалак

 

Палова на дзясятую. Яшчэ паспявае. Схавала тэлефон у кішэню. Дадала хуткасці. З-за спіны чуўся рогат пакінутай кампаніі. Ліза павінна вярнуцца а дзясятай. Інакш будзе дрэнна.

 

Дзяўчына і сама не разумела, як так сталася, што яна спазняецца. Ці то надта развесялілася ды выпадкова не заўважыла, як прабег час, ці то наўмысна ігнаравала яго, правакуючы чарговы скандал дома.

 

Дзяўчына агледзелася. Надта далёка да бліжэйшай сметніцы – няма часу кружляць. Выкінула недапалак у сумёт. Увесну будзе непрыгожа, канешне. Але ж яна не адна такая…

 

Ад кола агляду ўніз. Праз невялікі масток – крыху прайсці – пад вялікі мост – і вось яна ўжо ў Купалаўскім парку. А там наўскасяк, і зноў праз мост – у гэтым горадзе шмат мастоў – па вуліцы Купалы да вуліцы Багдановіча. І яна амаль дома.

 

Ліза змерзла. Ля ракі было надта халодна. Яна сунула рукі ў кішэні, зноў намацала мабільны. Усё будзе добра. Наперадзе ззяла цемрай арка пад мостам. Не, а палове на дзясятую з дзяўчынай не можа нічога здарыцца. Яна смела рушыла ў змрок.

 

Цемра Лізу ніколі не палохала. Ліза не баялася міфічных пачвараў. Яна баялася людзей.

 

Нехта ці то штурхнуў яе, ці то наступіў на пятку, прымусіўшы рэзка ірвануць наперад. Яна выбегла ў кволае святло ліхтароў. Крыху наперад, павярнуць направа, да фантану з дзяўчатамі. Толькі вось прысады нейкія незнаёмыя. Іншы асфальт, іншыя лаўкі – яна ў Мінску такіх не бачыла. Павярнулася назад, разгубленая. Не магла ж яна выйсці недзе не там. Мосту за спінай не апынулася. Як і Свіслачы. Толькі дрэвы, дрэвы, дрэвы. Клёны, каштаны, ліпы. Ліза захлынулася халодным паветрам.

 

Кінулася наперад – недзе там гудзеў праспект. Але прысады і не думалі скончвацца. Ні фантана, ні музея, ні помніка.

 

Як можна заблукаць у цэнтры Мінска? Няўжо Пашка падмяшаў ёй у колу гарэлку? Тады дадому можна ў прынцыпе не вяртацца. Унутры схаладзела. Дрыготкімі халоднымі пальцамі яна дастала з кішэні смартфон, каб зірнуць час. Няма сеткі. Перазагрузіла. Патрэсла. Пацерла між далоняў. Пахукала. Мабыць, ад холаду заглючыў.

 

Урэшце кінулася бегчы… 

 

Слёзы грэлі шчокі, сэрца тахкала недзе ў горле, перашкаджаючы дыхаць, ногі не слухаліся. Бацька не паверыць, што яна заблукала. Бацька нават слухаць не будзе. Зноў давядзецца скарыстаць цэлы цюбік таналкі за раз. Зноў давядзецца пераапранацца на фізкультуру ў туалеце, асобна ад дзяўчат. Зноў давядзецца хаваць вочы ад суседзяў па лесвічнай пляцоўцы. Зноў…

 

— Хэй, — раптам гукнулі яе аднекуль збоку. — Што здарылася?

 

Яна замёрла, спалохана азіраючыся. Да яе выйшаў юнак — адкуль толькі ўзяўся? Самы звычайны, крыху старэйшы за яе. Цёмны ўскудлачаны чуб з-пад смешнай скандынаўскай шапкі, стылёвы апранак, яркі заплечнік, дарагія красоўкі.

 

— Усё ў парадку, - хаваючы заплаканыя вочы, адказала Ліза. — Я проста крыху заблукала…

 

Хацела б яна сустрэць такога ў якіх іншых абставінах.

 

— Вы першы раз у Мінску? – мякка, уважліва пацікавіўся малады чалавек.

 

— Я тут жыву, — разгублена паціснула плячыма яна.

Зараз будзе смяяцца…

 

— Здымайце паліто.

 

— Ш-што?

 

— Здымайце, хуценька. Мала часу, — ён падышоў бліжэй, узяў яе за локаць.

 

Ліза зноў заплакала, пахістала галавой.

 

— Адчапіцеся ад мяне. Калі ласка. Я нічога вам не зрабіла…

 

— Я хачу дапамагчы. Вы не патрапіце дадому, калі не паслухаецеся. Здыміце паліто і апраніце навыварат.

 

Дзяўчына зірнула на юнака, нярвова расшпіліла гузікі. Пальцы зусім не слухаліся. Юнак акуратна зняў зняў з яе паліто, вывярнуў ды зноў накінуў на плечы.

 

— А цяпер трымайцеся, — працягнуў ёй далонь. — І не глядзіце назад.

 

Ён упэўнена рушыў наперад, не разбіраючы шляху, па сырой глебе ды жухлай траве. Лізе было шкада і сваіх новых ботаў, і яго яркіх красовак, але яна паслухмяна трымала цёплую руку юнака. Праз якую хвіліну яны выйшлі на тратуар недалёка ад Купалаўскага музея. Дзяўчына зноў заплакала. Цяпер ужо ад палёгкі ды непаразумення. Тэлефон у кішэні раззлавана гудзеў.

 

— Слухаю, — спалохана сказала яна ў трубку.

 

— Дзе цябе чэрці носяць?!

 

— Я падыходжу, падыхожу, — мармытнула яна, хоць разумела, што робіць сабе толькі горш — да дому як мінімум хвілін пятнадцаць.

 

— Калі цябе не будзе ў хаце праз пяць хвілін, будзеш заходзіць праз вакно.

 

Яна разгублена зірнула на юнака.

 

— Я падвязу, — спакойна кіўнуў ён ды дастаў з кішэні ключы ад машыны.

 

— Ваш бацька быў амаль што правы, калі спытаў, дзе вас носяць чэрці, — заўважыў ён, калі яна ўладкавалася ў яго ўтульнай машыне.

 

У салоне было чыста, пахла добрымі мужчынскімі духамі, мандарынамі ды — зусім крыху — зёлкавай гарбатай.

 

— Што вы маеце на ўвазе?

 

— Вам лепш не распавядаць нікому, што вы заблукалі ў цэнтры Мінску, — замест адказу заўважыў юнак, упэўнена кіруючы. — Наўрад ці хто-небудзь паверыць, што вас збіў са шляху лясун. Напэўна, кінулі штосьці міма сметніцы?

 

— Недапалак, — шэптам прызналася Ліза.

 

Юнак кіўнуў:

 

— Заўсёды апранайце што-небудзь навыварат, як будзеце хадзіць праз гэты парк адна — ён ад вас цяпер не адчэпіцца. Лясун часта водзіць дзяўчын, якія, па яго меркаванню, непрыстойна сябе паводзяць. А ў лясуна погляды, скажам так, старамодныя.

У які іншы дзень Ліза б толькі пасмяялася ды пакруціла пальцам ля скроні, але цяпер яна пакорліва кіўнула, запамінаючы кожнае сказанае юнаком слова.

 

— Поспехаў з бацькам. Беражыце сябе.

 

Ёй не хацелася выходзіць з машыны, але ў яе была ўсяго хвіліна, каб узляцець на пяты паверх.

 

Атрута

 

Пад ногі кідаліся бардзюры, лаўкі ды агароджы. На бровы, на вейкі наліпаў снег. Каржакаватыя старыя яблыні замерлі ў чаканні ахвяры. Толькі спыніся — разарвуць крывымі заімшэлымі кіпцюрамі.

 

Каваныя белыя альтанкі прывідамі плылі ўздоўж ракі. Напаўразбураная цагляная забудова глядзела з супрацьлеглага берага пустымі вачніцамі.

 

Яна стаяла на драўляным мастку, што вёў да выспы з трымя самотнымі дрэвамі.

 

Сёння яна прачнулася ў чужой кватэры. Яе абудзіла гадавалае дзяўчо, што разрывалася ад плачу ў яе пад бокам. Ля ног мітусіўся невялікі сабака.

 

Не было ў яе ні сабакі, ні дзіцёнка.

 

Узнялася, механічна ўзяла малую на рукі. У пакоі – дзіцячая вопратка, кнігі, цацкі. Леваруч – старая шафа з зацёртым люстэркам, праваруч – стол, застаўлены кветкамі. Хіба яна калі любіла кветкі?

 

Яна выйшла з пакою, пагойдваючы дзіцёнка. Сабака ўвязаўся за ёю, жалобна скуголячы.

 

На безгустоўна зялёнай кухні сівая жанчына варыла каву.

 

— Нешта вы рана, Улечка…

 

— Вы… Вы хто?

 

— Ты лунаціш ці што? — занепакоена пацікавілася кабета.

 

Яна аддала дзіцёнка.

 

— Я хутка вярнуся.

 

Накінула паліто на піжаму і выбегла з кватэры.

 

Яна не памятала, куды вяртацца. Як апынулася ў парку. Рака клікала. Халодныя хвалі абдымуць яе, заплюшчаць ёй вочы, загушкаюць. Вадзе ўсё адно, хто ты. І кім быў учора.

 

Галава кружылася, рабілася ўсё пусцейшай. Далягляды сціраліся. Сусвет звужаўся да выспы з трымя дрэвамі ды драўлянага мастка. Яна пералезла праз парэнчы. Яшчэ крок і яе не будзе.

 

Яе ўжо няма.

 

***

 

Пахла палыном. Не расплюшчваючы вочы, яна памацала побач з сабою. Падхапілася:

 

— Кацечка! Бобс!

 

Сёння яна прачнулася ў чужой кватэры. У пакоі, прывідным ад тлення зёлак, было светла і пуста. Пад столлю — пучкі сухацветаў. Святаяннік, чабор, крываўнік, рамонак — яна пазнала толькі дзясятую частку. Коўдра ды прасціна расшытыя па краях чырвонымі беларускімі арнаментамі, якія нібы свяціліся знутры. Напэўна, ніткі з люрэксам. 

 

— Вам трэба ляжаць, — у дзвярах з’явіўся юнак.

 

Не сівы барадаты дзядуля ў ільняной кашулі, не кабета ў хусцінцы ў кветкі, нават не загадкавая дзяўчына з уплеценымі ў касу валошкамі  — звычайны юнак.

 

У чорных спартовых штанах — здаецца, нават, фірмовых — у расцягнутай барвовай футболцы з надпісам “Wizards rule” і ў цёплых вязаных шкарпэтках.

 

— Дзе я? Дзе мая дачка? Хто вы?

 

Ён сеў на ложак побач з ёй, прымусіў легчы.

 

— З вашай дачкой усё добра. З вамі — не дужа. Але хутка ўсё пройдзе.

 

— Што пройдзе? Чым я хворая?

 

Юнак падціснуў выразныя акрэсленыя вусны, схіліў галаву на бок.

 

— Вы не хворая. Вас атруцілі, - нешта вырашыў для сябе, цяжка выдыхнуў. — Ёсць такая… Істота. Лойма. Раней яны скрадалі дзетак ды падмянялі іх на сваіх. Звычайныя кабеты бабілі нячысцікаў. Цяпер размнажацца складаней. Так што яны падмяняюць саміх кабет. Атручваюць. Прымаюць іх воблік, займаюць іх месца ды жывуць у асалоду.

 

Улляна сціскала коўдру. Атрута. Падмена. Нячысцікі. Усё гэта не змяшчалася ў галаве. Але і інтэр’ер, і яе адчуванні, і сумныя бурштынавыя вочы юнака прымушалі паверыць. Без дадатковых пытанняў. Яе магло ўжо не быць. І дачушку гушкала б нейкая пачвара. Жанчына заплакала.

 

Юнак паклаў ёй на лоб халодную далонь, нешта зашаптаў. Замест словаў яна чула шолах лістоты ў вечаровым лесе, лёгкі ветрык ды стракатанне конікаў.

 

***

— А што я павінен быў сказаць?! — юнак стаяў ля яе ложка, прытупваючы нагой.

 

— Нічога, Уладзь. Нічога акрамя замовы на ачышчэнне, — другі голас быў больш суровы, больш дарослы.

 

Нешта зазвінела. Відаць, упала на стол звязка ключоў. Зашапацела. Зняў куртку альбо паліто. Запстрыкала. Расшнураваў боты. Яна глядзела праз прымружаныя вейкі, не наважваючыся паказаць, што прачнулася. Перад ёй мільгануў цень, запясце абхапілі моцныя пальцы. Па целе разлілася незвычайная цяплыня. Раптам захацелася падхапіцца ды бегчы, танчыць, скокаць. Яна расплюшчыла вочы.

 

Над ёй схіліўся светлавалосы юнак. З твару ён выглядаў нават малодшым за Уладзя, але па погляду ды паводзінах усё ж здаваўся старэйшым.

 

— Галава не баліць? — халодна пацікавіўся ён.

 

— Не, я… Выдатна сябе адчуваю.

 

— Ты забіў яе? — падаў голас Уладзь, яўна спрабуючы замяць перад сябрам правіну.

 

Светлавалосы дастаў з кішэні байкі некалькі невялікіх скляначак з попелам, паставіў на стол.

 

— І не толькі яе. Няпросты “Лошыца” раёнчык, — звяртаючыся, відаць, да яе, хмыкнуў ён.

 

Уладзь закусіў палец, цыкнуў.

 

— Паслухай, Усевалад, чалавек мае права ведаць, што з ім адбываецца.

 

Ягоны сябар выпрастаўся і Улляна нарэшце змагла ўбачыць, наколькі шырокія ў яго плечы ды дужыя рукі.

 

— Чым менш народу ведае пра нячысцікаў, тым лепш. Усім, - спакойна адказаў ён. — Зможаш адвезці спадарыню дадому? Моўчкі. 

 

Тэги: