ЛіхтарЫМ: «Дом цікаўных казак» Н. Ясмінскай

 

Прэзентацыя кнігі Надзеі Ясмінскай «Дом цікаўных казак»

 

img_20190326_135810.jpg

 

Аўтары сцэнарыя:

намеснік дырэктара па рабоце з дзіцячым чытачом ДУК “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Наталля Багдановіч, бібліятэкар Ляхавіцкай раённай дзіцячай бібліятэкі Эліна Фёдарава.

 

Ідэя: Навучыць сучаснае пакаленне ведаць кошт таму,што маеш. Пры дапамозе незвычайнай формы мерапрыемства, больш прыцягнуць увагу да чытання кніг.

 

Абсталяванне: тэатральная шырма, лялькі – дзеючыя асобы, домік з героямі казак, стол для дэкарацый, салёнае цеста для вырабаў герояў.

 

img_20190326_140324.jpg

 

Бібліятэкар: Добры дзень, мае шаноўныя маленькія сябры.

Наша з вамі сённяшняя сустрэча будзе зусім незвычайнай, нават чароўнай. Мы адправімся ў падарожжа па кнізе ўжо добра вядомай беларускай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай “Дом цікаўных казак”.  

   

(дэманстрацыя кнігі)

 

Дарэчы, Надзея Ясмінска ў мінулым годзе прыязджала да нас у госці і прэзентавала кнігу “Восковой волшебник или Сказка стучится в дверь”. Сустрэча была вельмі цікавай і запамінальнай. А вось сваю новую кнігу “Дом цікаўных казак” Надзея даслала нашай бібліятэцы ў якасці падарунка ўсім вам, сваім юным чытачам.

Кніга складаецца з 10 асобных казак.

1.Дзіўны спадар з парасонам

2.Ася-Дзьмухавец у Краіне Вясны

3.Бясхвост і Аднавушка

4.Месяцовы зайчык

5.Ноч на даху

6.Міхась – пухнацік

7.Хмурынка

8.Касмічны візіт

9.Чорная каралева

10.Лазурковая зорка

 

Гучыць музыка, з’яўляюцца 2 кнігі

 

Бібліятэкар: Аднойчы сустрэліся дзве кнігі,

Разгаманіліся між сабою.

 

Кніга 1: Ну, як твае справы?

Кніга 2: Ах, мілая, мне сорамна перад класам -

Гаспадар мой

Вокладкі вырваў з мясам!

Ды што вокладкі! Абарваў лісты!

З іх ён робіць караблікі ды платы.

КНіГА 1: Паважаныя сябры, на жаль, вельмі часта менавіта так здараецца з маімі сястрычкамі-кніжкамі!

Бібліятэкар: Хлопчыкі і дзяўчынкі! А ці ведаеце вы як трэба  абыходзіцца з кнігай? (адказы дзяцей)

Беражлівыя адносіны да кнігі – гэта ваш самы першы і галоўны чытацкі абавязак. А зараз мы пазнаёмімся з асноўнымі правіламі какрыстання кнігай.

 

(На картках запісаны правілы карыстання  кнігай і дзеці па чарзе зачытваюць):

 

1. Дома адвядзі кнігам пэўнае месца на кніжнай паліцы.

2. Кнігу абгарні – не будзе пэцкацца вокладка.

3. Чытай кнігу за чыстым сталом і з чыстымі рукамі.

4.Перагортвай кнігу за правы верхні вугал старонкі.

5. Нічога не пішы і не малюй у кнізе.

6. Не стаў локці на кнігу пры чытанні, не кладзі кнігу раскрытай старонкамі ўніз.

7. Не кладзі ў кнігу алоўкі, ручкі – таму што разарвецца пераплёт.

8. Каб не згубіць тое месца ў кнізе, дзе ты чытаеш - пакладзі закладку.

9. Кнігі, якія прачыталі, трэба вярнуць у бібліятэку. Іх чакаюць іншыя рабяты.

img_20190326_140405.jpg

Бібліятэкар: Цяпер вы ведаеце правілы зварота з кнігай. Яна, як і многія рэчы, якія сустракаюцца ў нашым жыцці – мае сваю душу і не хоча быць непатрэбнай, бруднай і пашкожданай. Калі чытаеце кнігі, абавязкова зможаце апынуцца там, дзе вашы мары будуць здзяйсняцца. Але, на жаль, не заўсёды так адбываецца ў жыцці.

У чароўных казак няма каранёў – у іх ёсць крылы.

Яны лётаюць па свеце, нябачныя для ўсіх. Сядаюць на спіну ветру, слізгочуць па вясёлцы, абганяюць хмары. І калі казка выпадкова дакранецца да чалавека, з ім адбываецца нешта незвычайнае.

Так здарылася з жыхарамі аднаго дома, які пабудавалі на скрыжаванні.

 

(дэманстрацыя казачнага доміка).

 

Гэты дом апынуўся на дарозе многіх казак.Спачатку яны праляталі міма, але потым іх ахапіла цікаўнасць. Што за людзі там жывуць? Пра што яны гутараць за сняданкам? Якія ў іх жаданні, сны і мары?

Казкі ўзяліся зазіраць у вокны, праточвацца ў шчыліны. І жыхары дома пачалі сутыкацца з чараўніцтвам. Найчасцей гэта былі дзеці, таму што менавіта яны заўважаюць дробязі вакол сябе – а такія дробязі часам аказваюцца маленькімі дзівамі.

Пра што былі тыя казкі? Пра сонца, пра месяц і зоркі, пра верных сяброў і загадкавых гасцей… З людзьмі, да якіх дакраналася казка, адбывалася свая гісторыя. Ім адкрывалася маленькая мудрасць. І таму на дзвярах кожнай кватэры цяпер вісіць таблічка са словамі, якія чараўніцтва пакінула ў сэрцы.

Каб пачуць гэтыя гісторыі, трэба проста зайсці ў той дом. Калі мы ступім за парог і павернем налева, то ўбачым дзверы нябесна-блакітнага колеру з кілімком у выглядзе воблака. Тут жыве Ясік. Аднойчы ён глядзеў у акно і заўважыў казку, якая пралятала міма. Пасля гэтага хлопчык змяніў сваё стаўленне да непагодлівых дзён…

 

img_20190326_140420.jpg

 

Пастанова лялечнага тэатра №1 “Дзіўны спадар з парасонам”

 

(Хлопчык сядзіць у пакоі і глядзіць у вакно)

 

Казачнік: Дзень выдаўся шэры і даждлівы. Маленькі Ясік сядзеў на падаконні ў сваім пакоі. Больш за ўсё на свеце ён любіў блукаць па двары, але ў такое надвор’е яго не выпускалі. Таму хлопчык быў гэткім жа пахмурным, як неба. Гуляць у цацкі яму не хацелася, а чытаць і пісаць ён яшчэ не ўмеў. Заставалася толькі сумаваць, гледзячы на дождж.

Урэшце Ясік зладзіў спаборніцтва бягучых кропляў па шкле. Сам ён паставіў на самую тоўстую кроплю, якая павольна, але дакладна сцякала ўніз. І калі кроплі ўжо набліжаліся да фінішу, пачуўся гучны грук у дзверы.

Хлопчык злосна чмыхнуўся і вырашыў прыкінуцца, што нічога не пачуў. Яму вельмі хацелася даведацца, якая ж кропля пераможа. Але гук стаў такім настойлівым, што на яго ўжо нельга было не зважаць. Ясік, уздыхнуўшы, падышоў да дзвярэй, узлез на крэсла, паглядзеў у вочка, але нікога там не ўбачыў.

Грук не змаўкаў. Вось дык дзіва! Стукалі не ў дзверы, а ў вокны!  Можа, гэта птушка точыць дзюбу. А можа быць, за раму зачапілася галінка…

 

(З’яўляецца Спадар з парасонам)

 

Хлопчык наблізіўся да акна і ўбачыў за шклом… чалавека.

Гэта быў спадар з маладым, гладка паголеным тварам, і ў кутках яго вачэй смяяліся добрыя зморшчынкі. Апрануты ён быў вельмі дзіўна: старамодны капялюш, залацісты плашч, з-пад якога відаць строй з мятлікам, смешныя чаравічкі з доўгімі насамі. Чалавек трымаў раскрыты парасон – ды што там трымаў! Ён проста вісеў на ім у паветры, без якога-небудзь апірышча.

Убачыўшы Ясіка, спадар усміхнуўся і прыўзняў капялюш. Потым выкрыкнуў праз шкло.

Спадар з парасонам: Малады чалавек! Будзьце ласкавы, дапамажыце мне. Калі я пралятаў міма вас, акно зачынілася ад ветру і прышчыкнула край майго плашча!

Казачнік: Ясік, узрадаваны тым, што яго назвалі маладым чалавекам, таропка расчыніў акно.

Спадар з парасонам: Уф-ф, дзякуй), а то я пачаў думаць, што пратырчу тут да ночы і зусім спазнюся!

Ясік: А вы кудысьці спяшаецеся?

Спадар з парасонам: Так, я лячу да сваёй цётухны. У яе самая духмяная гарбата ва ўсім свеце. І самыя лепшыя прысмакі!

Ясік: Але на чым вы ляціце?

Спадар з парасонам: На сваім парасоне. Гэта новы сродак перасоўвання. Большасць маіх знаёмых дагэтуль аддаюць перавагу мяцёлцы. Але я ад яе адмовіўся – страшна нязручна, скажу я вам, дый застудзіцца лёгка. Ведаць бы, якая цяпер гадзіна…(

Казачнік: Ён пакорпаўся ў кішэнях і выцягнуў вялікі залаты гадзіннік на ланцужку.

Спадар з парасонам: Спыніўся,- шкада. А гэты гадзіннік насіла яшчэ мая прабабка, і ён заўсёды ёй спраўна служыў.

 

(Ясік хутка зірнуў на будзільнік каля ложка).

 

Ясік: Праз пяць хвілін будзе дзевяць.

Спадар з парасонам: Ай-яй! Роўна а дзявятай я павінен быць у цётухны. Прабачце, але мне трэба спяшацца. Будзе так крыўдна, калі гарбата астыне!

Казачнік: Спадар ізноў прыўзняў капялюш і летуценна ўсміхнуўся. Потым пракрычаў: -

Спадар з парасонам: Да сустрэчы, мой добры сябар!(адштурхнуўся ад аконнай рамы і панёсся далей разам з ветрам)

Казачнік: Нейкі час яго разкрыты парасон яшчэ быў відаць у шэрым небе, а потым ён знік за хмарамі.

Ізноў загрукатала, але гэтым разам стукалі ў дзверы. Вярнулася мама.

Казачнік: Электрычнасць з-за навальніцы адключылі, таму званок не працаваў.

Мама: Ну як ты? Не нудзіўся адзін?

Ясік: Зусім не! Спачатку ішоў дождж, а потым да нашага акна падляцеў дзядзечка на парасоне. Мы пагаварылі, і ён паспяшаўся на гарбату да сваёй цёткі.

Мама: Ну-ну…

Казачнік: Усміхнулася мама. А маленькі Ясік ізноў сеў ля акна і стаў глядзець на кроплі дажджу. Ён думаў пра дзіўнага спадара з парасонам. І хацеў, каб той паспеў да сваёй цётухны да таго, як яе цудоўная гарбата астыне.

 

Бібліятэкар: Рабяты,скажыце, калі ласка, як вы разумееце вось гэта выказванне:

“Памятай, што нават даждлівыя дні могуць падарыць нешта цудоўнае!”

(адказы дзяцей)

 

А зараз я хачу прапанаваць вам невялікую віктарыну па казцы, якую вы прагледзелі. Я буду задаваць пытанні і некалькі варыянтаў адказаў, а вам неабходна будзе выбраць тое, што палічыце правільным. Згодны?

1. Якое імя ў галоўнага героя-хлопчыка казкі?

А)Андрэйка

Б)Ясік

В)Міхасік

 

2. Якую гульню выдумаў хлопчык, пакуль глядзеў у акно?

А)гульню ў марскі бой

Б)веру-не веру

В)спаборніцтва бягучых кропляў

 

3. Як звалі казачнага героя казкі?

А)Чараўнік

Б)Здыхлік Бессмяротны

В)Спадар з парасонам

 

4. Што хацеў адведаць незвычайны чалавечак?

А)Гарбату

Б)Прысмакі

В)Торт

Малайцы! Бачу, што вы ўважліва слухалі казку, а гэта значыць, што яна вас зацікавіла і, мабыць, вы бы хацелі яшчэ нейкую незвычайную гісторыю? Праўда?

 

Бібліятэкар: А мы з вамі пойдзем далей. Пастукаемся ў суседнія дзверы. У гэтай кватэры светла і цёпла – нават калі неба за акном зацягваецца хмарамі. Але так было не заўжды. Дзяўчынка,якая там жыве, раней не любіла глядзець у люстэрка. Чаму? Зараз мы пра ўсё даведаемся.

(Бібліятэкар раздае дзецям паперкі, на якіх напісана казка па частках. Бібліятэкар пачынае чытаць услых, а дзеці працягваюць. Адбываюцца гучныя чытанні).

 - Адкажыце, калі ласка, на пытанне як звалі галоўную гераіню казкі? (адказы дзяцей)

- Якой была Ася? (адказы дзяцей)

- Аб чым марыла Ася ў глыбіні душы? (адказы дзяцей)

- Чаму пасля того, як мара гераіні здзейснілася, яна не была шчаслівай? (адказы дзяцей)

- як вы разумееце выказванне “Захоўвай тое, што ў цябе ёсць, - нават, калі гэта штосьці маленькае і амаль незаўважнае.(адказы дзяцей)

 

Бібліятэкар: Многія жыхары дома пасля сустрэчы з казкамі пачыналі верыць у дзівосы. Але толькі не маленькі сусед Асі-Дзьмухавец – ён і да гэтага ведаў, што чараўніцтва існуе! І аднойчы ў яго пакоі самі па сабе з’явіліся сябры. Хай нават і цацачныя.

img_20190326_140804_0.jpg

 

Пастанова №2 “Бясхвост і Аднавушка”

 

(Кот і сабака сядзяць у дзіцячым садку)

 

Казачнік: Жылі ў дзіцячым садку мяккія цацкі: котка і сабака. Яны былі даволі старымі, таму малыя абыходзіліся з імі не вельмі беражліва. Сабаку ўрэшце адарвалі хвост, а котцы – вуха. Але цацкі не маркоціліся і нават прыдумалі сабе новыя імёны.

Аднавушка: Прывітанне, Бясхвост! Ты ведаеш, што сёння на абед манная каша?

Бясхвост: І табе прывітанне, Аднавушка! Ох, ізноў нас упэцкаюць з галавы да лап!

Казачнік: Але ўсё ж ім, нават цацачным, хацелася адчуваць любоў і турботу. Неяк зімовым вечарам па аднаго хлопчыка прыйшла мама з вялікай скрынкай.

Мама хлопчыка: Там цацкі, не чапай з разбегу! Яны ж ёлачныя, іх трэба кранаць асцярожна.

 

(Мама выходзіць з пакоя)

 

Казачнік: Бясхвост і Аднавушка гэта пачулі.

Бясхвост: Дык вось яно што! Ёлачныя цацкі любяць больш за іншыя! Ім не стануць адрываць хвост і пэцкаць маннай кашай.

Аднавушка: Сапраўды, давай і мы станем ёлачнымі. Залезем на галінкі і будзем там жыць.

Бясхвост: Не, нічога не атрымаецца! Тут усе ведаюць, што мы звычайныя. Выхавальніца здыме нас і зноў пакладзе на паліцу…

Аднавушка: Значыць, трэба бегчы. На самую галоўную ёлку!

Казачнік: А ўсюды толькі і хадзілі гутаркі пра галоўную ёлку горада. Яна знізу даверху ззяла агнямі, нібы чароўны маяк сярод асфальтавага мора.

Аднавушка: - Яе бачна здалёку, мы не заблудзім,а потым мы залезем на самы верх і будзем глядзець, як раніцай людзі спяшаюцца на працу і як увечары ў дамах загараюцца акенцы. Ні шпурляння аб сценкі, ні фламастараў на шэрстцы. Як табе гэта, Бясхвост?

Бясхвост: На самую галоўную ёлку…

Казачнік: Паўтарыў сабака, яму так хацелася завіляць хвастом ад радасці, але віляць не было чым, і таму ён зрабіў некалькі кулькоў.

 

(Занавес закрываецца. Змена дэкарацый)

 

Тым вечарам Бясхвост і Аднавушка пайшлі з дзіцячага сада. Яны ціхутка тупалі па вуліцах, і прыцемкам здавалася, што гэта сапраўдныя сабака з коткай. Пакуль яны ішлі, настала ноч і амаль усе агні вакол загаслі. Заставалася гарэць толькі маленькае акенца ў адным доме).

 

(Занавес адкрываецца)

 

Бясхвост: Чаму там не спяць?

Аднавушка: Нам трэба спяшацца.

Казачнік: Але Бясхвоста адолела цікаўнасць. Ён залез на падаконне і паглядзеў праз шкло. Які ж бедны пакой ён убачыў! Старая мэбля, падлога з аблупленай фарбай, фіранкі з розных лапікаў тканіны. Там нават не было навагодняй ёлкі – замест яе стаяў фікус, абкручаны гірляндай. А на маленькім ложку спаў хлопчык.

Бясхвост: Ён, напэўна, баіцца спаць у цемры… Паглядзі, які ён сумны. І ў яго пакоі не бачна ніводнай цацкі. Можа, у гэтага хлопчыка наагул няма цацак?

Аднавушка: Мне таксама яго шкада… але пойдзем. Раніцай пачнуць ездзіць машыны, і мы можам трапіць пад кола. Гэта яшчэ горш за манную кашу!

Бясхвост: Аднавушка, а давай застанемся тут! Мне падаецца, што малы не будзе нас крыўдзіць.

Аднавушка: А галоўная ёлка? Як жа наша мара?

Бясхвост: Дык мы не пра саму ёлку марылі, а пра любоў і турботу… Але вырашаць табе. Ты, мой сябар, і я цябе не кіну. Хочаш ісці – я з табой!

Аднавушка: Ты таксама мой сябар,таму застаемся. Але калі мне адарвуць і другое вуха, ты атрымаешь ад мяне добрага плескача!

Казачнік: Яны пралезлі праз адкрытую фортачку і ціхутка скокнулі ў ложак. Калі наступіла раніца, хлопчык на імя Кастусь прачнуўся, убачыў поруч з сабой плюшавых сабаку і ката.

Кастусь: Мама, тата! Дзед Мароз прынёс мне падарункі!

Казачнік: Бацькі толькі рукамі развялі. Яны прыдумалі мноства тлумачэнняў, як цацкі маглі апынуцца ў пакоі. Але ім нават у галаву не прыйшла думка пра дзіва. Што зрабіць – амаль усе бацькі такія.

 

(Занавес закрываецца)

 

А цацкам не давялося шкадаваць пра свой выбар. Кастусь гуляў з імі кожны дзень. Яго мама вымыла звяркоў, расчасала ім шэрстку і нават прышыла сабаку хвост, котцы – новае вуха. Праўда, яны ўсё роўна звалі адзін аднаго па-ранейшаму: Бясхвост і Аднавушка. Вось толькі хлопчык ніяк не мог зразумець адну рэч: чаму цацкі як быццам хаваліся ў пакоі, пакуль ён еў манную кашу? Напэўна, таму што яны больш любілі грачаную. А вы як думаеце?.                

(Разважанні дзяцей)

- Як вы разумееце выказванне:

Не бывае нікому не патрэбных людзей, звяроў ці рэчаў. У кожным кутку свету хтосьці кагось шукае і чакае.

(Адказы дзяцей)

 

Мара хлопчыка казкі здейснілася. Але ці ўсе жаданні выконваюць казкі? Не, калі вы хочаце зусім неверагоднага – напрыклад, месяца з неба. Менавіта пра яго марыць маленькая Крысціна, але казкі разважылі, што месяцу лепей знаходзіцца на сваім месцы. І ўсё ж такі дзяўчынка не засталася без падарунка…

Мае шаноўныя сябры, падніміце, калі ласка, руку тыя, каму падабаецца хварэць? (адказы дзяцей)

- А каму хварэць не падабаецца?(адказы дзяцей)

- А чаму так? (адказы дзяцей)

А цяпер, заплюшчыце вочкі і ўявіце сабе маленькую дзяўчынку Крысцінку, якой не падабалася хварэць. “Ляжыш сабе і ляжыш, бегаць нельга, пра марозіва можна толькі марыць. Ад нудоты дзяўчынка пачала лічыць усе зоркі за акном. Але зорак было шмат, і яна ўвесь час збівалася. Тады Крысцінка вырашыла палічыць месяц. Гэта лёгка зрабіць, бо ён – адзін! І такі прыгожы, нібы са срэбра…

- Мама! – паклікала дзяўчынка.- Месяц можна купіць у краме? Не цацачны, а сапраўдны?

- Навошта табе месяц? – адгукнулася мама. – Ён не змесціцца ў тваім пакоі. Да таго ж месяц вельмі халодны, а ў цябе і так застуда.

- ён мне патрэбны!

- Не кажы глупстваў. Лепей кладзі вушкі на падушкі ды засынай.

Мама пацалавала дачку, падаткнула ёй коўдру, потым выключыла святло і пайшла на кухню.

Крысцінцы не хацелася спаць, але што тут зробіш! Яна зажмурылася і стала варочацца з боку на бок, каб прывабіць сон. І ў яе амаль гэта атрымалася, як раптам… хтосьці пачаў ласкатаць ёй нос. Дзяўчынка расплюшчыла вочы і ўбачыла маленькі месяцовы праменьчык…

- Рабяты, як вы думаеце, а што было далей? (разважанні дзяцей)

А вось, пра тое, якая цікавая гісторыя адбылася з Крысцінкай на самой справе, вы даведаецеся, прачытаўшы казку самастойна.

 

Бібліятэкар:  Адкажыце, калі ласка, як вы разумееце выказванне: 

Не заўсёды шчасціць атрымаць менавіта тое, што хочаш. Але замест гэтага ты можаш знайсці нешта іншае – і значна лепшае!

 

Бібліятэкар: У цудоўных гісторый няма каранёў – у іх ёсць крылы. Яны лётаюць па свеце, нябачныя для ўсіх. Заплятаюць у косы сонечныя прамяні, мыюцца дажджынкамі ў паветры, падслухоўваюць шэпт лісця на дрэвах. І калі казка выпадкова дакранаецца да чалавека, з ім абавязкова здараецца дзіва… Гэта адчулі людзі, якія жылі на шляху чараўніцтва. З імі адбылося столькі неверагоднага, што цяпер іх дом пачалі называць домам цікаўных казак. Дзеці і дарослыя ўбачылі ў цудах не толькі забаву, але і мудрасць – і запомнілі яе на ўсё жыццё. А казкі лётаюць па іншых дарогах. І – хто ведае – можа, яны ўбачаць і ваш дом? Ім стане цікава, што ж там, унутры. Казкі прашмыгнуць праз дрэвы, пранікнуць праз акно, праціснуцца праз шчыліну. Тады з вамі таксама здарыцца нешта чароўнае – трэба толькі верыць у дзівосы, каб яны не прамінулі.

 - Адкажыце, калі ласка, з якімі жыхарамі дома цікаўных казак вы сёння пазнаёміліся? (адказы дзяцей)

- А хто спадабаўся болей і чаму? (адказы дзяцей)

Шаноўныя сябры, пазнаёміцца з астатнімі жыхарамі дома вы зможаце самастойна, калі прачытаеце кнігу “Дом цікаўных казак”. Кнігу можна ўзяць у нашай бібліятэцы.

А зараз я запрашаю вас у нашу творчую майстэрню на майстар-клас, дзе кожны з вас самастойна зможа зрабіць невялікі выраб сабе на памяць. (дзеці робяць з салёнага цеста герояў “Дома цікаўных казак”).

img_20190326_110942.jpg

Паважаныя сябры,вось і скончылася наша з вамі сенняшняя сустрэча. Няхай героі “цікаўных” казак напамінаюць вам аб тым, што “калі прыгледзішся, можаш убачыць, што зусім побач цябе чакае штосьці дзіўнае і чароўнае!”. Я вельмі спадзяюся, што кніга Надзеі Ясмінскай “Дом цікаўных казак” не пакінула вас раўнадушнымі і вы абавязкова даведаецеся і аб іншых цікавых гісторыях.

 

Крыніцы выкарыстанай літаратуры:

Ясмінска, Н. Дом цікаўных казак /  маст. Алена Сацута. – Мн.: “Галіяфы”, 2018. – 72 с.

 

     Организаторы:

zachtenie.png nb_bntu.png bba.png      

    Партнёры:

syberry-final2.png pvt_logo.png gette.png hosterby.png logo-knijnaya_nora.png 52520554_311141699595329_3926729964115722240_n.png    

   Инфопартнёры:

    argumenty_i_fakty_0.png logo_relax_new_1_0_0.png wereminsk_0.png tayms_bntu.png logo1.jpg