10+10: Юлія Алейчанка

Юлія Алейчанка

спецыяльна для спецпраекта фестываля "10+10"

 

 

Ясна, што са шматлікіх больш ці менш сталых «месцаў жыхарства» ў Мінску Лізе найярчэй сёння ўзгадваецца апошняе перад набыццём уласнага кутка… Распачынаўся пяты курс універсітэта, лета перад якім поўнілася вострымі перажываннямі, смелымі надзеямі, нейкімі незразумелымі, падсвядомымі, шчымлівымі прадчуваннямі рэзкай змены, незваротнай страты чагось звыклага і знаёмага. Але яны не засмучалі, наадварот, – ап’янялі нястрымным жаданнем забыцца на ўсё тое, чаму вучылі… Дзе і хто вучыў? Людзі, людзі, людзі, што расчароўвалі, радавалі, зневажалі, прагна кахалі… У цесных калідорах факультэта, у знаёмых задымленых сценах пабаў, у роснай траве за горадам, на дахах шматпавярховак пад зменлівымі зорамі. Не, не назаўсёды забыцца. А проста на час. Каб не так балюча было аддавацца ўспамінам. Новая порцыя адрэналіна ў крывю – і ўсё старое перагарае. Так Ліза рабіла не раз. Ад  «гарэння» таго часам моцна апякалася. Ды салодкага «танга матылька над аганьком» ніхто ж не адмяняў, праўда?

 

Вось і пошукам жытла на апошні курс не асабліва сабе жыццё ўскладняла. Галоўнае цяпер вызначыцца, уладкавацца на жаданую працу, адкрыць яшчэ столькі, каб галава кругам ішла. Не да бытавых выгодаў! Таму на прапанову размясціцца ў кватэры з гаспадаром згадзілася. Стандартная пяціпавярхоўка на Народнай. Трэці паверх. Дзверы старыя (ну і што з таго?) Заходзячы ўпершыню, з прыемнасцю адзначыла для сябе вялікую бібліятэку з кнігамі, карціны… Яе пакой, з савецкімі папяровымі шпалерамі, трумо, рыпучым ложкам, не засмучаў. Асобны, зачыняецца на ключ. Уласная тэрыторыя. Дзед-пенсіянер у першы ж дзень з ахвотаю распавядаў пра інфраструктуру раёна, раіў наведаць недалёкі лесапарк, дзяліўся ўспамінамі маладосці. Да таго ж падараваў адразу значную частку ўласнай бібліятэкі. Позна вечарам вярнуўся ўнук, з якім перакінуліся парай фраз. Засынаючы ў руках з «Вішнёвым садам» Чэхава, Ліза адчувала сябе даволі ўтульна…

 

Праз пару дзён, яшчэ лежачы раніцой у ложку, пачула грукат на кухні і гучны ўскрык дзеда, які абварыў нагу кіпнем. Пабегла дапамагаць. Зразумелым было адно: гаспадар трымаўся з апошніх сіл, каб не расчараваць новую жыхарку, ды, нарэшце, увайшоў у чарговы запой. Запалкі, раскіданыя па падлозе, пачатая пляшка, нямыты посуд… Перыядычна да бацькі наведвалася дачка, што жыла ў гэтым жа пад’ездзе. Часам лаялася на старога, прасіла Лізу аддаваць грошы за кватэру выключна ёй, каб ішлі на аплату камунальных, а не на ненавіснае пойла. А часам спакушалася магчымасцю «пасядзець», узгадаць памерлую маці за чаргай, другой, трэцяй… Успаміны такія маглі цягнуцца да другой гадзіны ночы.

 

– Ліза, глянь на фотку, якая наша маці прыгажуня была! Гэта ў Ялце ў адпачынку, гэта на працы. Гэта я маленькая…

 

Дзіўна, што на свайго сына, які жыў з дзедам, яна асаблівай увагі не звяртала. У таго не склалася з працай: днямі ён спаў, позна ўвечары сыходзіў да ранку.

 

– Зноў са сваімі наркаманамі швэндаўся? Вось патрапіш у турму, як піць даць, патрапіш!

 

Не жадаючы перавозіць рэчы некалькі разоў на год (бо чакала яшчэ засялення ў інтэрнат), Ліза не спяшалася з’язджаць, цярпела. Ды і не так, па сутнасці, адчувала яна дыскамфорт. Новых уражанняў хапала. Вярталася дахаты толькі ўвечары, стомленая. Распачалася заключная, перад абаронай дыплома, практыка ў гімназіі. Ды яшчэ ў якой, «мажорнай», з паглыбленых вывучэннем замежных моў. Дзеці паслоў, юрыстаў міжнароднага права… Амаль усе з крутымі тэлефонамі, планшэтамі, малінавым латэ на перапынку… Як цяжка было патлумачыць тое, што апавялася ў «Песні пра зубра»! Ці дабіцца ўсведамлення, з-за чаго гаруе Плачка ў Яна Баршчэўскага. Ды нічога, спраўляліся. І смяяліся разам да колікаў, і сур’ёзна разважалі… А яшчэ было на той час у Лізы «авантурнае» каханне з прыгодамі. А яшчэ атрымала прапанову ўладкавацца на цікавую працу. А яшчэ… Стракаты карагод падзей не даваў спыніцца і перавесці дыханне хаця б на хвілінку. Стоячы неяк на старым мосце, што пераразае Партызанскі праспект, і ўдыхаючы паветра вячэрняга Мінску, Ліза злавілася сябе на думцы, што нічога мяняць у жыцці не хоча…

 

Нават калі ўночы прачыналася ад грукату ў дзверы пакоя з патрабаваннямі пагаварыць… Нават калі перакрывала пад раніцу газ ці ваду, што пакінулі адчыненымі госці гаспадара пасля пасядзелак. Яна жыла з нейкім шчаслівым філасофскім усведамленнем, што ўсё часовае, усё мінае, трэба абавязкова ўвабраць у сябе тыя фарбы, гукі, смакі, што пасылае жыццё тут і цяпер…

 

Ды, на жаль, мінае і тое шчаслівае ўсведамленне. Ужо ў час набліжэння зімы, калі лужыны рабіліся цвёрдымі, а гаспадарскі кот не лавіў галубоў на двары, Ліза вярталася ўвечары дамоў. Расчараваная, спустошаная… Той, дзеля каго яна рызыкавала, каму дазволіла адкрыць запаветныя таямніцы, не апраўдаў яе спадзяванні. Банальнае жаданне прыгодаў, аскепкі прыгожага шкла… Бытавая стомленасць на той час таксама ўсё больш давалася ў знакі. Што далей? Колькі яшчэ танцаў над аганьком свечкі ёй дадзена станцаваць? Узіраючыся ў святло рэдкіх ліхтароў, Ліза ратавалася тым, што прыгадвала часы маленства, калі вельмі любіла гуляць у прыцемках, адчуваючы скрозь цуды.

 

 І раптам пабачыла на прыступках аптэкі бруднага, у заношанай адзежы чалавека, які роспачна, не звяртаючы ні на каго ўвагі, плакаў. Ён прыкрываў вялізную рану на руцэ, крывя капала на ганак. Калі б дзяўчына не была ў тым стане самашкадавання ды шкадавання ўсяго свету, які насяляюць гэткія ж гаротнікі, дакладна б прайшла ганарыста і нат не глянула лішні раз… Ды не. Сэрца тады так збалела, што патрабавала растварэння ў чужым горы, каб на хвілінку суцішыць боль уласны. Яна прыпынілася, падумала… і рашуча падышла да няшчаснага. Прысела на кукішкі, дапытліва паглядзела ў вочы.

 

– Вам дапамагчы?

 

Праз плач (так увогуе могуць плакаць дарослыя мужчыны?) не разабрала адказ. Тады перахапіла рашуча брудныя рукі сваімі, худымі, арыстакратычнымі, і пачала аглядаць рану. Зразумеўшы, што справа сур’ёзная – хуценька забегла ў аптэку, набыла бінт, антысэптык. Чалавек быў агаломшаны, здзіўлены, прыціхлы. Не верыў у тое, што адбываецца. Стаў заікацца і кідаць дробныя бязглуздыя фразы:

– Я сам далей… Дзякуй… Не трэба… Дзякуй… Я не бомж, ну, так, часова… Я не заразны… Я трэнерам працаваў… Прабач…

 

Ліза намагалася нешта зразумець, ды тое давалася цяжкавата. Бачыла, што «пацыент» яе сапраўды не падобны асабліва да таго, хто пастаянна жыве на вуліцы. І такая трагедыя чыталася ў яго вачах, што проста ўстаць і пайсці было немагчыма. Таму закончыўшы бінтаваць рану, дапамагла незнаёмцу ўзняцца, прапанавала прысесці на лаўку ў бліжэйшым двары. Цяжка дыхаючы, Ігар (так, імя ўжо вядомае – і то добра), пачаў пакрысе гаварыць больш павольна...

 

– Ведаеш, я не заўсёды быў такім… Аж самому цяпер брыдка. Я дзяцей боксу вучыў, жыў у Заслаўі. Сям’я была, жонка, сын малы. Я ўсё для іх рабіў. На жонку кватэру, што ў спадчыну ад маці атрымаў, перапісаў… Маці мая маладая памерла, анкалогія, на руках маіх канала. Я Насці (жонка мая) ва ўсім верыў. Яна прыгожая, як ты, нечым нават падобная. А за нос мяне вадзіла. Калі даведаўся пра палюбоўніка, перажываў моцна. Потым прабачыць хацеў. Ды ён круты. Рэчы выкінуў з уласнае кватэркі… І бокс мой не дапамог. Я так знерваваўся, больш родзічаў тут няма. Думаў да цёткі ва Украіну ехаць. Ды мо я ёй непатрэбны. Пасля працы на вакзале спаў колькі дзён. А потым сябрукі вулічныя з’явіліся. На нейкіх блат-хатах жыў… Усё як вір страшны ў галаве… Прабач, прабач. Навошта табе гэта слухаць. А рука гэта – сабака пакусаў. Дайшоў да аптэкі і зразумеў, што грошай не маю. І такім чмом адчуў сябе! Тут мяне і «накрыла».

 

– Дык вам у паліклініку трэба. Гэта ж мо шалёны сабака.

 

– Зайду-зайду, толькі вопраткі сваёй саромлюся.

 

Ліза слухала той сумны аповед, пра нешта пыталася, нечым падбадзёрвала.

 

 

– А выйсце якое ёсць?

 

– Я не закончаны алкаш. Я працаваць магу. Толькі каб жытло, хоць вугал які далі б дзе. Адзін знаёмы, не, не з тых, нармальны, выбіць можа месца на заводзе, там інтэрнат даюць.

 

– Дык чапляйцеся за тую магчымасць!

 

– Ай, дзеля чаго тое? Я як Насцю ўзгадаю, Дзімку, з якім бачыцца не дае – хачу пад зямлю праваліцца…

 

– Хопіць! На што цяпер жыццё патраціце? Многім здраджваюць, многіх «кідаюць», ды, каб кожны ў пятлю лез! – Ліза крычала, не пазнаючы сябе.

 

– Прабач, прабач, і ты цяпер хвалюешся. Падумаю я, падумаю. Дай мне тэлефон свой – знайду адкуль пазваніць. Я табе грошы за лекі аддаць павінен…

 

Ліза рашуча адмаўлялася ад звароту грошай, нумар дала толькі каб адчапіўся. Ігар запэўніў, што начуе сёння ў «нармальнага» знаёмага – і пакрочыў няўпэўнена ў змрок. Ліза – на здымную кватэру.

 

Цікава, што ўласны боль пасля такого «кантраснага душа» стаў заціхаць. Вядома, не ўсё забылася, не ўсё ўладкавалася. Проста стала здавацца больш дробязным. Ліза працавала, хадзіла на практыку да школьнікаў, знаёмілася з новымі людзьмі. Чытала «Салярыс» Лема… І сапраўды думала, што касмічную адзіноту нельга прыручыць… Званка Ігара яна, канешне, не чакала. Таму адпачываючы аднойчы вечарам пасля цяжкога дня, яна раздумвала адказваць ці не на выклік з незнаёмага нумара. Цікавасць усё ж узяла верх.

 

– Прывітанне! Ліза, гэта ты?

 

– Так. Але мы знаёмыя?

 

– Гэта Ігар. Ну брудны дзядзька ля аптэкі, – голас яўна выдаваў незласлівую ўсмешку суразмоўцы. Грошы хачу вярнуць. І проста сустрэцца.

 

Не тое, каб надта хацелася Лізе ісці на тую сустрэчу. Яна не ведала, чаго чакаць. Што ад яе акрамя вяртання грошай хоча той Ігар, якога бачыла раз у жыцці? Аднак пайшла. І не пашкадавала.

 

Сустрэцца дамовіліся каля «Партызанскай». Стоячы тварам да ўваходу ў падземку, дзяўчына адчула далікатны дотык да спіны. Ігар падышоў з адваротнага боку. Тое, што гэта ён, пазнала толькі добра прыглядаючыся. Паголены, падстрыжаны, апрануты не шыкоўна, але чыста, мужчына сарамліва ўсміхаўся. У руках трымаў невялікі букецік:

– Гэта – табе. І грошы – вось. Мо прагуляемся крыху?

 

Ігар падрабязна расказваў, як уладкоўваўся на новую працу, дзе цяпер жыве. Асабліва свяціліся вочы, калі гаварыў пра сустрэчы з сынам, якія цяпер сталі магчымымі.

 

— Мяне тады так праняло, што ты маладая, прыгожая, інтэлігентная не пабаялася аб мяне рукі запэцкаць. Што накрычала, у галаву нешта ўбіла. Канешне, не на заўтра я пайшоў жыццё змяняць. Але абдумаўся, канкрэтна. І цяпер усё інакш будзе.

 

Гулялі добрыя гадзіны дзве. Размаўляць было лёгка. Ліза таксама расказала шмат асабістага. Шчырасць нараджае шчырасць. На развітанне Ігар папрасіў:

– Можна я табе званіць буду? Каб лягчэй было. Не падумай нічога благо, я не маньяк які. Проста пагаварыць з добрым чалавекам хочацца. З ратавальніцай маёй.

 

Седзячы вечарамі ва ўласнай кватэры з кубкам кавы ці шпацыруючы па вялікім парку каля дома, Ліза часта цяпер ўзгадвае моманты такога адносна недалёкага мінулага. Ігар сапраўды званіў пасля. Колькі разоў хадзілі нават у кавярню, смяяліся, гаравалі. Той жартам пытаў:

– Кавалераў хоць тваіх не спалохаю? Перадай, што я такой прыгажуні сам баюся.

 

Тое была гісторыя шчырага, незвычайнага, нечаканага сяброўства. Паўгода таму Ігар усё ж з’ехаў да цёткі. Працуе цяпер там па спецыяльнасці. Піша часам у сацыяльных сетках, дасылае фотаздымкі.

 

Часам Ліза думае, што ў сапраўднасці так не бывае. Быццам нейкі вышэйшы «рэжысёр» наўмысна паслаў ёй Ігара ў той вечар. Каб паказаць, ЯК можа быць. Бо калі ён змог, стрымаў слова, то і няма чаго прыдумляць для сябе апраўданні.

 

«Люди як кораблі», – гучыць песня загіблага музыкі Андрэя Кузьменкі. Ігар кажа, што ва Украіне яго любяць і памятаюць…

 

 Людзі сапраўды як тыя караблі. І калі нехта набірае «повні трюми води», трэба не даць яму пайсці на дно.

 

Ліза цяпер не хоча забыцца на тое, чаму яе вучылі людзі. У цесных калідорах факультэта, у знаёмых задымленых сценах пабаў, у роснай траве за горадам, на дахах шматпавярховак пад зменлівымі зорамі. Яны – частка таго вялікага акіяна, што хавае таямніцы, што злучае лёсы.

 

 Усе невыпадковыя.

 

Тэги: 

     Организаторы:

zachtenie.png nb_bntu.png bba.png      

    Партнёры:

syberry-final2.png pvt_logo.png gette.png brsm.png logo-knijnaya_nora.png hosterby.png 30875041_2135953859972760_1604262771_n.png 01.png
akademkniga.jpg menuby.png 54518157_2027237867580014_2795806607689121792_n.png 52520554_311141699595329_3926729964115722240_n.png logo_prosvetitel_bolshoy_0.png  media_bay_0.png karerapress_0.png logograndmahouse.png
technalohija_0_0.png malyshi_png_0_0_0.png olololo.png          

   Инфопартнёры:

  maladosc_loga.png argumenty_i_fakty_0.png logo_relax_new_1_0_0.png wereminsk_0.png tayms_bntu.png