10+10: Вераніка Ляўчук

Вераніка Ляўчук

пераможца спецпраекта фестываля "10+10"

 

У парку Горкага

 

Я спаў дзесяць гадоў, і вось я прачнуўся. І зусім не птушак я пачуў па раніцы. А бестактоўны дзяўбёж адбойных малаткоў і скрыгат пад'ёмных кранаў, ад якога заходзяцца зубы. Пыл падымаўся і накрываў мяне, нібы пясчаная бура. Я чыхнуў. Мая залатая коўдра з кляновага лісця, хваёвых шышак і моху ўзляцела і рассыпалася. Але дзе ж сонца? Чаму прамерзла спіна і крылы? Праз раку на месцы вагончыкаў вырас гэты бетонны вырадак. Шэры, безаблічны, сляпы ён кідаў цень, у якім згубіўся мой дом.

 

І цяпер тут няма хмызнякоў, у якіх качкі схаваюцца ноччу. Вавёркі сышлі, хаця раней я днямі слухаў, як яны цокаюць з дрэваў і скочуць па галінках. А мальвы, астры, хрызантэмы? Як цяпер ім расквітнець? У што ператварыўся мой дом, мой сад, мая спадчына? Рэзервацыя - вось ён што.

 

І што гэта за шматгалоссе? Вы развучыліся спяваць? Вас музыцы не навучылі? Цішэй! Хто гэта гарлапаніць мне ў вуха? Метр ростам, аранжавы камбінезон, дурыкаватая шчаслівая ўсмешка. І палкай ў мяне тыкае. Зусім забыліся пра добрыя манеры. Вох, балюча! Сыдзі, сыдзі, уджалены ты гном. Сыдзі, я абараняць цябе павінен, бо я ахоўнік парка, што бацька мне аддаў у спадчыну. Але калі ты зараз жа не змоўкнеш і не знясеш куды заўгодна свае кароценькія ножкі, клянуся, чым захочаш, што я парву цябе на часткі.

 

Як жа смярдзіць шашлыкамі. Як жа цёмна навокал. Колькі шуму. А вы ж абяцалі, што дагледзіце траву, кусты і кветкі. Абяцалі, што будзеце клапаціцца аб качках. Абяцалі, што не парушыце спакой русалак. Вы далі слова.

 

І не стрымалі.

 

Вы палічылі, што я аслаб і састарэў. Так-так, мо, і стары ... Аднак я цмок!

 

І вось начысціў я пяском сталёвую луску. І рамяні на латах падцягнуў. Расправіў плечы. І крылы супраць ветру разгарнуў. Унутры мяне гарыць агонь.

 

Дрыжыце ж, я лячу!

 

Сподак з малаком

 

І ў каго я ператварыўся. Сплю на электрапечцы для піцы і пацягваю праз трубачку "Цуда-малако". Добра, што дзед ужо памёр, а не то адразу б адышоў. А я зусім не хацеў бы стаць прычынай яго смерці.

 

Мой дзядуля быў паважны дамавік. Вось ужо хто спаў на сапраўднай пячы. І малако, мусіць, не падкрадваў. А еў пернікі са срэбнай талеркі, што яму пакідалі, каб залагодзіць. Ён гаспадарыў у сядзібе Ваньковічаў. Распараджаўся ў самога Эдварда Станіслававіча. Гэта мой дзед падказаў клікаць на музычныя вечары Манюшку і Дуніна-Марцінкевіча. Колькі баляў правёў, колькі пар звёў, колькі сямейных саветаў пабачыў, колькі дзяцей прыняў! І дарэчы, Пятра Сігізмундавіча, унука пана Эдварда, ад бальшавікоў гэта ён выратаваў. Хай сабе страціў маёнтак. Затое жывым да Польшчы выехаў.

 

А я як апынуўся ў "Віталюры" за восем кіламетраў ад радавога маёнтка? Ну як "як" ... Пётр Сігізмундавіч нас з сабою не паклікаў, загадаў дом даглядаць. А дом-та пасля яго ад'езду пад камунальныя кватэры пусцілі, а яшчэ пазней - развялі музей ды вечны рамонт. Дык ці ж гэта дом? Дый што рабіць цэлай сям'і, бацьку, маці, двум братам у маленькім-та музеі? Вось я і падаўся шукаць вольны хлеб. Уладкаваўся ў новым супермаркеце, думаў, разжывуся, карысць прынясу. Ды вось толькі што мне тут рабіць?

 

Сачу, каб малако стаяла на паліцах этыкеткамі да пакупнікоў, выкідваю з кошыкаў падгнілыя памідоры, пшыкаю ваніллю і цынамонам у хлебабулачным аддзеле. Падказваю Марусі-касіру назвы цукерак, стаўлю таблічкі са зніжкамі і акцыямі на бачнае месца, каб бабулькі пабалбаталі ў чарзе, бывае сутыкаю хлопцаў і дзяўчат, каб знаёміліся.

 

Калі мне весела, прывабліваю дзяцей у аддзел цацак, і мы катаем па падлозе звяркоў на колах, пакуль мамы выбіраюць слоікі з брокалі і кабачкамі. Люблю Лізаньку. Як засмяецца, дык і я катаюся па паліцы ды рагачу, пакуль не скіну пірамідку або пластмасавую рыдлёўку. Вось толькі Маруся працуе дзень праз два, а Лізанька заходзіць і таго радзей - раз на тыдзень.

 

З дарослымі я таксама не асабліва асцярожнічаю. Грукочуць каляскамі, лаюцца, крычаць у мабільныя тэлефоны. Калі раззлуюся, скідваю пачакі аўсяных камякоў, па пяць засаб. А ўсе думаюць, што проста закранулі. Я ўжо і кантэйнер з мандарынамі выварочваў, і ноччу падвываў, ды вось толькі, для каго? Тут жа ніхто не жыве. Трохлітровы слоік яблычнага соку падарваў - не паверылі, ціск, кажуць.

 

Ніхто мне сподка з малаком не пакіне. Дзед убачыў бы, дакладна на той свет бы адправіўся. Ні баляў, ні маёнткаў, ні кампазітараў, ні сямейных саветаў не засталося. Здрабнеў я, стаў нічыйны. Хаця, прызнаюся, малачко з бананам прыйшлося па мне.

 

Тэги: 

     Организаторы:

zachtenie.png nb_bntu.png bba.png      

    Партнёры:

syberry-final2.png pvt_logo.png gette.png brsm.png logo-knijnaya_nora.png hosterby.png 30875041_2135953859972760_1604262771_n.png 01.png
akademkniga.jpg              

   Инфопартнёры:

  maladosc_loga.png argumenty_i_fakty_0.png logo_relax_new_1_0_0.png wereminsk_0.png