10+10: Святлана Курганава

Святлана Курганава

пераможца спецпраекта фестываля "10+10"

 

 

М”ы”: Партрэты

 

Калі вы кудысьці едзеце, то быццам вы па-за часам і па-за прасторай. Вас не існуе.

 

Я еду – мяне не існуе.

 

***

Збоку, а не насупраць.

 

Праз сядзенне, у праходзе.

 

Яна ўвайшла ў першыя дзверы і ўжо прайшла праз палову тралейбуса.

 

Калі заходзіш у першыя дзверы, то садзішся каля вогнетушыцеля там, дзе няма сядзенняў. Вялікі чырвоны вогнетушыцель падобны на тоўстагаг чырвонага сабака, якога тузаеш па баку.

 

Яна ўжо павярнулася назад да нізкіх сядзенняў, на якіх палоскі, на якіх людзі, з людзьмі палачкі.

 

Яе пагукала маленькая дзяўчынка: маленькая –  не відаць з-за сядзення. Такая ж маленькая і худзенькая, як яна, толькі маладзейшая гадоў на шэсцьдзясят.

 

Паварочваецца назад, смяецца: вось дзе ты! – такі трубны, духавы голас. У такім голасе ёсць сіла і вопыт. І яшчэ нешта, з адценнем тэхнічнай адукацыі. Так гучаць аператаркі ЭВМ, якія яшчэ працавалі ў велічэзных залах. Потым залы сталі менш, і духавыя галасы таксама зменшыліся: з трубы да флейты.

 

Здаецца, што ў мяне ў яе ўзросце будзе непрыемна рыпучы – як цяпер, толькі яшчэ больш іржавы. У яе паскрыпвае – і паскрыпвае з харызмай.

 

У гэтым 64-ым звычайна няма такіх галасоў. Нешта падобнае бывае ў 53-ім, які ідзе праз Грушаўку – але там усё роўна не такія, сіплыя, а ў яе – звонкі.

 

Можа быць, такія бываюць у Асмалоўцы, але там паміж дамамі не ходзяць тралейбусы.

 

А гэтая жанчына цяпер ёсць у 64-ым, што ідзе па Дзяржынскага.

 

То бок, галасы такія ёсць. І жанчыны – з тэхнічнымі трубнымі і харызматычнымі галасамі.

 

***

Ён сядзіць не насупраць, не побач і нават не ў метро.

 

Ад метро да дома я заўсёды езджу на тралейбусе. Мне больш падабаецца 75-ы аўтобус. Еду вечарам, а ён – са мной ўздоўж ліхтарыкаў Парка Паўлава. Люблю ліхтарыкі, але потым яшчэ два прыпынкі ў цемры пешкі.

 

Яму, напэўна, таксама адну ці дзве (дзве ў гэтым раёне – максімум) у цемры. Стаяў яшчэ са мной на прыпынку, як і я, вагаўся перад 75-ым.

 

Села на тое сядзенне, якое адно, прыкручанае да сцяны. Ён перада мной: зайшоў першым у цэнтральныя дзверы, а я ў апошнія: прайшлася па палове салона да гэтага, свайго.

 

У яго стомленая патыліца. Нядаўна коратка стрыжаная. Такія не стрыгуцца ў салонах: толькі жонка, пад машынку. Ці жонка суседа, сябра, яшчэ кагосьці, але пад усё тую ж машынку.

 

Плечы ў яго таксама стаміліся. Цяпер усё ў цёплых куртках – не відаць, але яны павінны быць стомленымі. Павінны быць цвёрдымі, хваравіта сціснутымі. Калі іх жорстка сціснуць пальцамі, то ён крыкне. Некаторыя трывала церпяць, некаторыя крычаць, але неяк шчыра. А некаторыя як ён – ускрыкваюць.

 

Ён прыйдзе дадому – ён цяпер дакладна едзе дадому, такая патыліца не можа ехаць у іншае месца, – і ніхто не будзе выганяць яму з плеч порсткі боль. Нават калі яго дома чакае жонка з машынкай для валасоў. У такіх патыліц не бывае дзяўчат: бываюць толькі стомленыя жонкі, або стомленыя жонкі сяброў, суседзяў або яшчэ кагосьці.

 

Я б таксама не хацела кратаць яго плечы.

 

Але капюшон – як шоры на вачах каня. І я бачу толькі плечы гэтай патыліцы да канчатковай. Ішоў бы «два»?

 

Два прыпынкі ў цемры, калі 75-ы.

 

***

Сядзіць насупраць у метро.

 

Две мыліцы стаяць паміж каленяў. Мыліцы новыя, з адмысловым жалабком для рукі, каб было зручна трымацца. Зараз прытрымлівае іх рукамі ў шэрых пальчатках. Машыннай вязкі, самыя звычайныя, з малюнкам, выкладзенным бліскучкамі.

 

У самой такія ж, толькі рукавіцы.

 

Напэўна, унучка або дачка купіла сабе новыя, а ён паглядзеў і вырашыў, што старыя выкідаць шкада: можна насіць і самому. Ці сам купіў шэрыя: якая розніца з пальчаткамі? Пальчаткі – яны пальчаткі, ды і ўсё.

 

У яго прыемны адкрыты твар, правільныя рысы, лёгкае сівое шчацінне. Шчокі трохі запалыя, але менавіта такімі яны, напэўна, былі і ў маладосці. Высокі прыгожы лоб, акуратная сівая галава.

 

Ён насіў капялюш, які было модна насіць ў 30-я. З такім тварам – дакладна. Або, як і цяпер, прынцыпова не насіў нічога на галове акрамя валасоў – тады не сівых. Але рукі заўсёды трымаў у цяпле. Інжынер? Доктар? Мастак?

 

Быццам бы ён жыў дзесьці ў 36-ым. Але сталеў ўжо тут, бо меў магчымасць пасталець. Не адбіваецца ў твары 37-ы, таму з 36-ага.

 

Але што ён з тых, хто ў канцы 70-ых у свае дзесьці 30 з чымсьці займаўся навукай, выпісваў «ЛіМ» і размаўляў на беларускай, гэта дакладна. Яго вусны павінны складвацца менавіта ў беларускай артыкуляцыі. Ён не павінен прамаўляць "ч" мякка.

 

Ён пра нешта думае з лёгкай усмешкай: ёсць такія твары, калі вугалкі рота заўсёды крышачку паднятыя. Заўважаю звычайна такія рэчы, таму што на мне перавернутая ўсмешка. А такім людзям не трэба напружвацца, каб усміхнуцца: яны заўсёды ўсміхаюцца.

 

І ў яго шкарпэткі ручной вязкі – з палосачкамі, якія ідуць хвалямі: чырвона-белая нітка зверху. І ніжэй ідзе цёмна-бірузовы, але ўжо амаль не бачны.

 

Ён выходзіць раней за мяне, здаецца, на Грушаўцы, абапіраючыся на мыліцы.

 

Чорт вазьмі, як жа я хацела злавіць яго погляд сваімі вачыма. Тады, напэўна, можна было б прачытаць за гэтыя некалькі секунд ўсю яго хатнюю бібліятэку.

 

Але прачытала на яго пальчатках Гарэцкага. Было выкладзена бліскучкамі.

 

І ў сівым шчацінні ёсць штосьці, як бы шрыфтам Брайля. Там больш, але чытала толькі пальчаткі.

 

***

Не сядзіць, а стаіць. І не зусім насупраць.

 

Еду з працы: заплечнік і ноўт на каленях. У канцы дня ўжо адвальваюцца плечы і спіна: пабегала ўвесь дзень з тэхнікай на адным плячы.

 

Калі ехаць да бацькоў, то ў метро не сядзеш: чамадан, заплечнік і ноўт. Яна нават і не думае сесці: у яе ўсё тое ж самае.

 

Яна прыгожая. Лёгкая, моцная.

 

Заклапочана чымсьці зараз, таму крыху разгубленая. Зморшчынка паміж броваў – разгладзіць пальчыкам і сказаць: «Не насуплівайся». Метро шуміць і можна гэта ціха прагаварыць аднымі вуснамі, гледзячы на яе.

 

На Кастрычніцкай метро моцна тузае, яна неўважлівая: ноўтбук – яшчэ стары, вялікі, цяжкі – падае. Яна хмурыцца яшчэ больш і нешта прагаворвае. Толькі бачу, як рухаюцца вусны. Тут не павінна быць нічога пра скулы, жаўлакі па твары і таму падобныя банальныя дробязі. У яе пухлыя шчочкі, адна ямачка (можа быць, дзве, але мне не відаць), таму можна без усіх гэтых банальнасцяў, а з банальнасцямі іншымі. Тут стомлены мат і лёгкая заклапочанасць: у такіх дзяўчынак няма грошай на новыя ноўтбукі. Ды што там, у мяне таксама няма грошай на новыя ноўтбукі.

 

Я б сказала, што яна прыгожая. Ты прыгожая.

 

Ты будзеш чытаць гэта і ўяўляць, што я глядзела на цябе. Таму што табе хочацца быць прыгожай. Ці гэта сапраўды ты, але ты будзеш адмаўляць сабе ў праве быць ёю, таму што ты – непрыгожая.

 

Кожная дзяўчынка, дзяўчына, жанчына, калі едзе з Мінска спачатку дадому, потым проста да бацькоў, хоць раз выпускае з рук свой ноўтбук у трамваі, аўтобусе, тралейбусе, метро.

 

Кожны раз, калі я бачу, як яна выпускае ноўтбук, яна прыгожая. З кожным гэтым «бля», «чорт», «тваю ж маць», што зрываецца з яе вуснаў.

 

Кожная, хто губляла гэты чортаў ноўтбук – прыгожая.

 

Кожная – прыгожая.

 

Нават калі ты скажаш "не", то я скажу, што глядзела тады на цябе.

 

***

Ужо насупраць, але не ў метро. І не ў тралейбусе, і не ў трамваі.

 

Сядзіць у плацкарце на станцыі «Мінск».

 

Сядзіць, гладзіць сябе па каленцы. І сам такі гладкі. Гладкая класічная стрыжка. І над ілбом клінышак такі, таму што залысіны і валасы зусім крыху доўгаватыя.

 

Кашуля, а зверху швэдар. І каўнерык з-пад яго гэты балотны.

 

Сядзіць, піша сваю лаціну прыгожым роўным почыркам. Лаціна – гэта мёд. Самыя асновы, у яго там нешта з дзеясловамі. Гэта курс першы – зусім яшчэ дзіця, здаецца. Такія пухлыя шчочкі, яшчэ не худзеў на сваёй першай сесіі.

 

У нас да першай сесіі таксама былі дзіцячыя пульхныя шчочкі, не было хранічных сінякоў пад вачыма, былі пухлыя ружовыя вусны.

 

Я яшчэ з тых, хто чытаў у школе «Цімур і яго каманда». Там такія хлопчыкі – добрыя, правільныя. Чысты і нявінны. З прысмакам бязгрэшнасці.

 

Ён ужо не чытаў, але ён як гэтыя хлопчыкі.

 

Гайдар у стылі рэтра, і ён з тэлефонам у чахле, падобным да старой «мыльніцы». Мама на такую яшчэ фатаграфавала і там плёнка – вечна заядала.

 

Настальгіруеш па непражытаму, хлопчык?

 

Потым пахудзееш на сваёй першай сесіі, валасы – адрасціш або абрэжаш (тут амаль без розніцы на самай справе), закінеш світарочак, які на кашульцы, кашульку не на ўсе гузікі, калі наогул на гузікі. Будзе ўжо не гайдараўскіх хлопчык. Нешта іншае будзе – пакуль не відаць.

 

Вучы пакуль сваю лаціну.

 

***

Сядзіць у метро насупраць мяне.

 

Едзе з дзіцем ад канчатковай да канчатковай.

 

Самая звычайная: куртка, джынсы, сумка. Звычайная – з тварам, з целам, рукамі, нагамі, сумкай. Пра яе больш нічога нельга сказаць. На самай справе можна, але ў мяне не атрымліваецца.

 

Яна проста сядзіць. Аказваецца, у метро можна сядзець проста: не чытаць кнігу ні папяровую, ні электронную, ні з тэлефона, не адказваць на паведамленні па тым жа тэлефоне. Сядзець проста, не складана, без абцяжарання чымсьці яшчэ.

 

Побач маленькая дзяўчынка. Сядзіць і малюе. Складана сядзіць.

 

Яшчэ маленькая, ёй гадоў пяць недзе: ужо дакладна не чатыры і яшчэ дакладна не шэсць.

 

Такая захопленая, нічога не заўважае. Яна стварае нейкі свет, яна ў ім, і ёй ніхто не патрэбны. Калі «ніхто не патрэбны», то абавязкова хто-небудзь патрэбны.

 

Трасе маму за рукаў, каб паказаць свой свет.

 

Глядзіць так, што практычна не глядзіць, кажа шэра «добра, малайчына» і зноў сядзіць проста, не абцяжарана.

 

А малая радуецца, што «добра» і «малайчына».

 

Хочацца раззлавацца – мне – злуюся: таму што не адчувае сама ні «добра», ні «малайчына».

 

І якое шчасце, што малой яшчэ не шэсць (ужо не чатыры) і яна не адчувае гэтай хвалі абыякавасці, якую так востра і страшна адчуваю сама.

 

Яны выходзяць са мной на Малінаўцы.

 

Хай з ёй хто-небудзь выйдзе за руку, калі яна адчуе гэта ж – востра і страшна.

 

Хацела бы зараз патрымаць кагосьці за руку, каб адчуць сабе ў прасторы, каб не “страшна” і “востра”.

 

Але на Малінаўцы нам у розныя бакі.

 

І пакуль яна радуецца, што «добра» і «малайчына».

 

***

Па-за часам і па-за прасторай існуеш у часе і прасторы.

 

Адбіваешся ў люстэрках людзей.

 

Анамалія.

 

Тэги: 

     Организаторы:

zachtenie.png nb_bntu.png bba.png      

    Партнёры:

syberry-final2.png pvt_logo.png gette.png brsm.png logo-knijnaya_nora.png hosterby.png 30875041_2135953859972760_1604262771_n.png  
               

   Инфопартнёры:

  maladosc_loga.png argumenty_i_fakty_0.png 30120864_1985868258331751_260476852_n.png