10+10: Надзея Ясмiнска

Надзея Ясмiнска

спецыяльна для спецпраекта фестываля "10+10"

 

Вітражнае акенца: апавяданне

 

Яны доўга стаялі на прыступках і не адважваліся ўвайсці. Хлопец, нахмурыўшы брыво, разглядаў старую, даўно перагарэлую шыльду, а дзяўчына задуменна вадзіла пальцам па пыльным шкле. Маладыя людзі не ведалі, што прыцягвалі ўвагу мінакоў, – праўда, тых больш цікавілі дзверы, якіх яны раней не заўважалі. Што гэта за крамка сярод вялікіх зіхатлівых вітрын? Можа, там нізкія кошты? Альбо прадаюцца антыкварныя рэчы? Альбо так цяпер выглядае новы ламбард? Парачка прыйшла сюды, значыць, ім нешта патрэбна – а раптам гэта самае патрэбна і ўсім іншым?

 

Хлопец з дзяўчынай не адчувалі, як у іх гараць вушы. Іх займалі ўласныя думкі.

 

– Нічога не выйдзе, – нарэшце сказаў ён. – Хадзем адсюль.

 

– Баязлівец, – засмяялася яна і дастала з торбы вялікі ключ.

 

Пстрыкнуў замок, рыпнулі дзверы, і перад маладымі людзьмі паўстала тое, што з нацяжкай можна было назваць дарогай у новае жыццё.

 

– Смялей! – падбадзёрыла дзяўчына і ўдарам калена падштурхнула хлопца праз парог.

 

Іх звалі Кастусь і Ірынка – брат і сястра з розніцай ледзь больш за год. Ірынка была старэйшай, яна з дзяцінства вылучалася таварыскасцю і любоўю да замежных моў. Кастусь жа добра разбіраўся ў маляванні. І, мажліва, з дзяўчыны  атрымалася б нядрэнная перакладчыца, а з хлопца – дызайнер-афарміцель, калі б іх маці не ўмела выдатна варыць каву.

 

Так, з самага маленства іх раніца пачыналася з чараўніцтва. Кухню напаўняў пах кававых зярнят уперамешку з палёным цукрам і карыцай. Потым ён вылятаў у калідор, пракрадаўся ў пакой і казытаў дзецям насы. Ірынка з Кастусём прачыналіся і ўпрыскок беглі снедаць. Кава лічылася дарослым напоем, яе пілі толькі бацькі, але дзеці атрымлівалі па велізарным кубку какавы. А яшчэ мама часам пякла да снедання шакаладнае печыва з соллю ці яблычныя плюшкі, і тады маленькая куханька ператваралася ў асобны свет, напоўнены ўтульнасцю і асалодай.

 

Гэтыя адчуванні ўеліся глыбока пад скуру, і ў брата з сястрой з’явілася мара. Яны захацелі стварыць уласнае кавава-здобнае чараўніцтва і падзяліцца ім з астатнімі. Іншымі словамі – адкрыць маленькую кавярню.

 

Здавалася б, не такое ўжо нязбытнае жаданне ў наш час магчымасцей!

 

Але ўсё пайшло пад адхон.

 

У кожным квартале вялікага горада іх чакала мноства канкурэнтаў. На шыльду новай кавярнi няўхвальна глядзелі вокны рэстаранаў, бараў, страўняў і закусачных. Вядома, Ірынка і Кастусь спрабавалі зрабіць сваё кафэ асаблівым, надаць яму рысы, якіх няма ў іншых. Аднак вайна за кліентаў не ведала літасці. Варта было хлопцу прыдумаць рэцэпт кавы з імбірным сіропам – і той жа напой пад той самай назвай пачыналі прадаваць астатнiя кафэ, ды яшчэ значна танней. А калі дзяўчына закупіла мяккія пледы, каб наведнікі маглі хутацца ў халодныя зімовыя дні, канкурэнтам раптам прыйшла ў галовы тая самая ідэя. Кастусь з Ірынкай прайгравалі бой за боем. Іх першая кавярня была маленькая, другая стала яшчэ меншай, а ў трэцяй ледзь магло змясціцца дзесяць чалавек. І ўсе тры спробы скончыліся правалам: маладыя людзі здымалі шыльду, вешалі на дзверы таблічку «Зачынена» і выносілі ў машыну скрынкі з рэшткамі мары.

 

Пасля трэцяй няўдачы мама пасадзіла сваіх шалапутных дзяцей за стол і пачала казаць, што час узяцца за розум і знайсці сабе нармальную працу. І пры гэтым зварыла такую каву, што ад яе паху салодка закруцілася галава, а людзі пад акном, прынюхаўшыся, прапусцілі свой аўтобус.

 

Брат з сястрой сварыліся і мірыліся, заракаліся і зноў усчыналі марыць пра ўласную кавярню. Урэшце ім давялося б зрабіць які-небудзь крок, але тут на іх галовы нечакана звалілася спадчына.

 

Не, не вялікая сума грошай. І не загарадная віла. І нават не выгадны сямейны бізнес, які паклаў бы канец усім спрэчкам. Памёр самотны дзядзька, уладальнік маленькай майстэрні па рамонце гадзіннікаў. У апошнія гады ён ужо не мог сам займацца паправай і таму здаў майстэрню ў арэнду, а там яе прыстасавалі пад фруктовую краму. Потым крама збанкруцілася, і ў выніку пляменнікі сталі гаспадарамі малюсенькага памяшкання… з якога пры жаданні можна было зрабіць міні-кавярню.

 

– Гэта шанец! – усклікнула тады Ірынка.

 

– Гэта яшчэ адна магчымасць упэўніцца, што мы дурні, – уздыхнуў Кастусь.

 

– Гэта зноў мае бяссонныя ночы, – прастагнала мама і з гора пайшла пячы булачкі.

 

І вось цяпер маладыя людзі пераступілі парог сваёй будучай кавярнi – самай маленькай з тых, што ў іх калі-небудзь была.

 

– Больш падобна да мышынай нары, – выказаўся брат. – Тут нават няма дзе пасадзіць наведнікаў. Хіба што змясціць бар з паліцамі ўздоўж сценкі, а насупраць – стойку з высокімі крэсламі.

 

– Вось бачыш, ты ўжо ўзяўся за планаванне і дызайн, – усміхнулася сястра. – А я магу зрабіць першы крок у хуткім прыбіранні. Глядзі!

 

З гэтымі словамі яна змахнула павуцінне ў найблізкім куце.

 

На тым і згадзіліся. Праца закіпела. З былой крамы-майстэрні вывезлі столькі старога хлуду, колькі там у прынцыпе не магло змясціцца. Выраўналі і затынкавалі сцены, змянiлi праводку…

 

– Глядзі! – здзівілася Ірынка, якая пачала абрываць з вузенькай вітрыны прылепленую з двух бакоў плёнку-рэкламу. – Тут не звычайнае шкло, а каляровае!

 

Сапраўды, пад плёнкай аказаўся просценькі вітраж, які адліваў залаціста-жоўтым, светла-зялёным, прыглушана-ружовым і пяшчотна-блакітным.

 

– Выглядае вельмі старым, – з цікаўнасцю агледзеў яго Кастусь. – Напэўна, гэта акно было тут яшчэ да гадзіннікавай майстэрні. Хочаш, уставім новае?

 

– Не, давай пакінем. Мне падабаецца.

 

Па іншы бок уваходных дзвярэй знайшлося такое самае шкло. Дзяўчына старанна ачысціла яго ад клею і бруду, нацерла скамечанай газетай – і вызвалены з доўгага палону вітраж амаль зазіхацеў. А хлопец так натхніўся новай дэталлю інтэр’ера, што аформіў памяшканне ў такіх самых колерах.

 

Праз два тыдні ўсё было падрыхтавана. Дакладней, амаль усё: заставалася вызначыцца з назвай.

 

– «Кастусь ды Ірынка», – прапанавала сястра.

 

– Было, – хмыкнуў брат. – Нічым добрым не скончылася.

 

– Тады – «Ірынка і Кастусь».

 

– Ад змены месцаў складнікаў, як вядома…

 

– «Кава энд булачкі»?

 

– Брыдота.

 

– «Кафейная крама»?

 

– Банальна.

 

– А можа быць… Ой, што гэта такое? Хутчэй, глянь сюды!

 

За вітражным шклом было бачна, як няспешна шпацыруе пажылая пара. Сівавалосы мужчына з пышнымі вусамі быў у зімовай вайсковай форме, а кабета – у доўгім кажушку; яна хавала рукі ў муфту і ганарліва несла на галаве вычварны капялюшык, аблямаваны футрам.

 

– Якія яны прыгожыя! – захапілася Ірынка. – Напэўна, сёння ў горадзе праходзіць які-небудзь фэст. Давай прапануем ім дармовую каву? У нас будуць цудоўныя першыя наведнікі!

 

Дзяўчына выбегла за дзверы, але праз імгненне вярнулася.

 

– Дзіўна, – працягнула яна. – Гэтай пары ўжо няма. Можа, збочылі ў арку?

 

– Ды не, вось жа яны! – паказаў на акно яе брат.

 

Каларытны мужчына і яго элегантная спадарожніца ўсё яшчэ ішлі па старой вулачцы… хоць адкуль тут вуліца? Куды дзеўся шырокі праспект з россыпам вітрын і ажыўленым рухам? Ірынка і Кастусь па чарзе выглядвалі з кавярні, параўноўваючы віды за дзвярыма і за колеравым шклом – і малюнкі ніяк не сыходзіліся.

 

Праз вясёлку вітража можна было разглядзець двухпавярховыя дамы з ажурнымі гаўбечкамі, брукаванку і паўсталыя трамвайныя каляіны, пра якія не помнілі нават мясцовыя бабулі. Акрамя пажылой пары ўдалечыні мільгалі іншыя людзі – усе яны былі апранутыя па модзе стогадовай даўніны. Апошнім ударам па цвярозым розуме аказалася конная фурманка, што будзённа і дзелавіта праехала міма.

 

– Што гэта такое? – зачаравана прашаптала дзяўчына.

 

– Тое, пра што мы заўжды з табой марылі, – адгукнуўся хлопец, які забыўся, што ён самы практычны і скептычны з іх дваіх. – Чараўніцтва.

 

За акенцам дыхаў горад – такі родны, блізкі і пры гэтым ледзь знаёмы. Горад, што згубіўся ў часе, увасобіўся з сотняў фатаграфій і карцін. Ён не мог быць бачны па ўсіх законах логікі, і ўсё ж – ён жыў за каляровымі шкельцамі, як у чароўным люстэрку, дзе ўтойваюцца ўспаміны былых дзён.

 

– Кавярня «Стары Мінск», – пасля доўгага маўчання сказала Ірынка

 

– Менск, – паправіў яе Кастусь.

 

– Сапраўды, Менск.

 

Шыльда была гатова праз тыдзень, і на дзвярах з’явілася таблічка «Адчынена». Спачатку ў кавярню зазіралі людзі, якія проста хацелі ўзяць каву на вынас. Але потым наведнікаў рабілася ўсё больш, і яны ўсё часцей затрымваліся за барнай стойкай, гледзячы ў вузкае акно. Ніхто пры гэтым не вымаўляў ні слова. Дзеці смяяліся і камусьці махалі, кабеты летуценна назіралі, падпершы галаву далонню, і нават стомленыя мужчыны з туга зацягнутымі гальштукамі пачыналі нечаму ўсміхацца. Людзі грэлі змерзлыя рукі аб кубкі і як быццам паглыбляліся ў казку. Яны не казалі пра тое, што ж там, за шматкаляровым шклом, але стваралася ўражанне, што кожнаму мроілася нешта сваё.

 

Толькі аднойчы стары чалавек, які глядзеў у акно так доўга, што яго напой паспеў астыць, нягучна спытаў:

 

– Вы таксама яе бачыце?

 

– Каго? – Ірынка адарвалася ад шакаладных пірожных і зірнула праз вітраж. Але там толькі праязджала самотная конка.

 

– Дзяўчыну ў сіняй сукенцы. Яна часта тут гуляла, і ў яе руках заўсёды была кніга. Ёй падабалася чытаць на хаду. Таму ў яе была асаблівая паходка: нібы яна абмацвала падэшвай кожны камень перад тым, як зрабіць крок. Гэта было так даўно… Цяпер пад нагамі і камянёў няма.

 

Вочы старога заззялі, і ён зусім ціха прамовіў:

 

– Дзякуй вам. Можна, я прыду заўтра?

 

– Вядома, – запэўніў яго Кастусь. – Хоць кожны дзень. І, дарэчы, па раніцах у нас дармовае лімоннае печыва.

 

Праз месяц кавярня «Стары Менск» ужо не ведала адбою ад кліентаў. Вядома, былі і такія наведнікі, што не звярталі ўвагі на вітражнае акенца – адразу бралі свае папяровыя кубачкі і сыходзілі. Але большасць гасцей усё ж раскрылі галоўную разыначку гэтага месца. Яны смакавалі чараўніцтва, запіваючы яго чорнай кавай, але не затрымліваліся надоўга. Людзі як быццам разумелі, што кожнае дзіва патрабуе меры, – і саступалі свае месцы іншым.

 

Усё дыхала супакоем і ўтульнасцю, пакуль аднойчы вечарам – ужо пасля закрыцця – у кавярню не ўварваўся чалавек.

 

Кастусь з Ірынкай адразу сцямілі, што яму не патрэбны ані кава, ані булачкі. Чалавек хмурна пачаў аглядаць памяшканне – і гэта нельга было назваць простай цікаўнасцю. Ён упіваўся вачыма ва ўзорыстыя сцены так, нібы хацеў высмактаць з іх усе фарбы, і пажыраў ласункі на вітрыне такім позіркам, быццам збіраўся ператварыць іх у попел. Дзяўчына перастала шараваць шклянкі, а хлопец адарваўся ад эскіза летняй тэрасы.

 

– Ды тут жа проста ўбогая нара! – злосна выгукнуў чалавек.

 

– Мы можам вам чымсьці дапамагчы? – ветліва пацікавіўся Кастусь.

 

– Так, вядома! Вы можаце расказаць мне па-добраму, што за справы ў вас тут чыняцца. Палова маіх кліентаў цяпер цягаюцца каля вашых дзвярэй. Яны нават гатовыя стаяць у чарзе на марозе! Я прапанаваў ім падобную каву, стаў закупляць амаль такую самую затаўку, нават развесіў малюнкі з гарадскімі краявідамі. І ўсё дарма! Значыць, разгадка не ў гэтым. Вы або гандлюеце тут забароненымі прэпаратамі, або падсыпаеце ў ежу ачмуральную дрэнь!

 

– А што кажуць самі людзі? – спытала Ірынка, імкнучыся не выдаваць дрыготкі ў голасе.

 

– Яны ўсміхаюцца, як iдыёты, і ўсё паўтараюць пра нейкі цудоўны від за акном. Так што хутка паказвайце мне гэты самы від, інакш я нацкую на вас падатковую і міліцыю!

 

Брат з сястрой трывожна пераглянуліся. Да іх прыйшла адна і тая ж думка: якая ж ўсё-ткі далікатная рэч тое шкло! Калі чалавек зразумее, у чым сакрэт, то ноччу ў вітраж незнарок можа трапіць камень. Альбо вецер сарве дарожны знак і прынясе яго проста ў акенца – таксама выпадкова.

 

Але пакуль ва ўяўленні Кастуся з Ірынкай маляваліся страшныя карціны,  канкурэнт ужо падышоў да каляровых шкельцаў і ўтаропіўся праз іх на праспект.

 

Павісла цішыня. Кава-машына, якая мерна сапла ў куце, запнулася і замоўкла. Перасталі бразгатаць кубкі. Нават вецер пачаў менш завываць за акном.

 

– Цудоўны від! – пагардліва чмыхнуў чалавек і плюнуў проста на падлогу. – Як жа, як жа! Смурод ад машын, бруд ад солі, выродлівыя рэкламныя шчыты. Ды яшчэ сметнік пад самым носам. Паўдуркі, вакол адны паўдуркі!

 

Ён завярнуўся і выйшаў з кавярні, ляпнуўшы дзвярамі.

 

Брат з сястрой дачакаліся, пакуль змоўкнуць крокі на прыступках, і з палёгкай уздыхнулі. Дзяўчына хутка працерла падлогу, а хлопец, нягледзячы на познюю гадзіну, заварыў каву па матуліным рэцэпце. Потым яны ўзялі свае кубкі і селі за стойкай, каб паглядзець на агеньчыкі вечаровых ліхтароў. А старамодна апранутыя людзі за вітражным акенцам як быццам адчувалі ў паветры востры кававы водар і, круцячы галовамі, з цікаўнасцю ўглядаліся ў цемру.

 

Тэги: 

     Организаторы:

zachtenie.png nb_bntu.png bba.png      

    Партнёры:

syberry-final2.png pvt_logo.png gette.png brsm.png logo-knijnaya_nora.png hosterby.png 30875041_2135953859972760_1604262771_n.png 01.png
akademkniga.jpg olololo.png 54518157_2027237867580014_2795806607689121792_n.png          

   Инфопартнёры:

  maladosc_loga.png argumenty_i_fakty_0.png logo_relax_new_1_0_0.png wereminsk_0.png