10+10: Аляксей Карпека

Аляксей Карпека 

пераможца спецпраекта фестываля "10+10"

 

 

Мінск-Восеньскі

Мінская восень – гэта херас.

Даўкая, моцная, з водарам рудой лістоты, арэхаў, сухафруктаў і віна.

 

Гэта жоўтае-з-чырвоным, гэта мноства адценняў шэрага, ад графітавага і попельнага да амаль белага, гэта дождж і імжа, гэта дурная зялёная трава.

 

Гэта вычышчаныя дарожкі, аранжавыя людзі, што не даюць лістоце затрымацца на зямлі. Нібы яна апаганьвае горад.

 

Гэта паркі, што нясціпла агаляюцца перад зімой. Фарсяць голымі галінамі, адкідаючы апошняе лісце, і паўстаюць у поўнай галечы.

 

Гэта свінцовая рака, цяжкія галіны верб навісаюць над ёй, пліты ўздоўж берага, забытая пустая бутэлька з-пад віна.

 

Гэта маршчыністыя рукі. Шалікі, шапкі, паліто. Гарачыя і гарачыльныя.

 

Ляцяць чайкі з гораду, яны забіраюць мора з сабой, каб вярнуць яго вясной.

 

«Пʼяны як няясыць,

Падчас залевы

Я пішу лісты»

 

У Правансе ёсць мясцовы вінны напой, падобны на херас. Напой складаецца з белага віна, што настоена на маладых грэцкіх арэхах, з цукрам і дадаваннем брэндзі «для моцнасці». Яго разліваюць яго па бутэльках вясной і летам. Настойка вытрымліваецца ад пары месяцаў да паўгода, а можна і больш.

 

Бутэлькі з цёмнага шкла захоўваюцца ў цёмных і прахалодных, недаступных для святла месцах, каб падчас зімовых завей выпіць каля агню.

 

Мінск-Туманны

 

Гіганцкі дзікі звер спіць на горадзе, падмяўшы пад сябе яго. Як шкада, што сёння аўторак і ты ідзеш на працу і не можаш блукаць па мінскіх вуліцах, у густой белай патацы.

 

Туман хавае цыклапічнасць горада. Пажырае будынкі, быццам галодны звер. Затаіўшыся, чакае якога-небудзь небараку, ці снуе ціхенька па вулачках.

 

Халоднае дыханне. Туманная субстанцыя, быццам вата, абцяжарвае рух. Крадзешся па вуліцах у надзеі не абудзіць звера. Ён узрыквае з малочна-шэрай гушчыні рухавікамі машын, усхліпвае захлынаючыся, успыхвае халодным блакітным або бурштынавым цёплым святлом вачэй-фар.

 

Туман распірае лёгкія, засланяе вочы, хавае недарэчнасці гарадскога ландшафту, выцягваючы на першы план чорныя драбы голых дрэў, быццам выгаралых крывяносных сасудаў.

 

Адзінокія ліхтары там-сям гараць, асвятляючы дробныя кавалачкі прасторы. Позняя восень Мінска, апошнія дні лістапада, горад застыў у прадчуванне зімы, уцягваючы ноздрамі халодны туман раніцы.

 

 

Мінск-хтанічны

 

Зыбіцкая – гэта праява хтанічнай, балотнай сутнасці беларусаў. Гэта хтонь, твань, балота, багна, зыб. Зыбіцкая.

 

«Хтанічнасць» – дзікая прыродная моц зямлі, падземнага свету. Ёй уласціва падабенства на звера, звышнатуральныя здольнасці, адсутнасць стваральнага пачатку, здольнасці пярэваратня і расчапленне – «дзве душы».

 

Затаіўшыся ў глыбіні, у цемры, у волкасці, у эмацыйным балоце, у нас зыбіцца іншая душа. Цкаваная, знішчаная з навакольнага асяроддзя. Рэшткі хтанічнага краю, што калісьці шчэрыўся балотамі і ляснымі нетрамі, а цяпер пераўтвораны ў пастаральную карцінку.

 

Зыбіцкая – праява гэтай другой душы, нашай хтанічнай сутнасці, якая вырываецца раз-пораз на волю. Хтонь у тым ліку і «сталасць весялосці і бруду». Атрымліваецца, што Зыбіцкая з’яўляецца жывым увасабленнем прыдушанай хтанічнасці. І як праява «падземнага свету», і як «пярэварацень» – бо ўсё адбываецца ноччу, калі штось вырываецца на волю з цёмных глыбінь беларускай душы.

 

У такія моманты ўсё вакол ператвараецца ў карнавал весялосці і «бруду», людзі-пярэваратні гойсаюць уночы па Зыбіцкай.

 

Выбіраючыся туды ноччу, ты не здзіўляешся, сустрэўшы там людзей з павучынымі лапкамі, ваўчынай поўсцю на карку, з кіпцюрамі, перапончатымі крыламі, у лусцы. Людзей халаднакроўных, галодных да гарачай крыві, ці хаця б да напою памацней, якія вырваліся з падземных засценкаў, з карпаратыўнага Тартара, у цёмную серабрыстую ноч.

 

Гэта не вясёлыя гулянні пры святле сонца, гэта цяжкія хмельныя святы пад месяцам, пад Гекатай, у прыцемках, у пʼяным тумане, гэта балотная здань, якая хаваецца за адрэстаўраванымі фасадамі вонкава занудлівых днём людзей.

 

Выходзячы раніцай з чарговага бара, які быццам бы пячора, што паглынае людзей, у перадсвітальны змрок, ты апынаешся пасярод наступстваў карнавалу. Змок сцірае яркасць колераў, ператвараючы ўсё ў выцвілую карціну Босха.

Быццам пярэваратні, якія не памятаюць, што робяць у звярыным абліччы, людзі не памятаюць, што яны рабілі, пагрузіўшыся ў зыб.

 

Хітры балотны марок і перарывістае святло багны, што вядзе ў дрыгву, але не толькі на пагібель, але і каб весяліць балотныя сутнасці, для варʼяцкай асалоды.

Бо дрыгва, балота, багна, зыб – гэта і ёсць наш родны дом.

 

Чайка

 

«Чайка» размяшчалася ў старым падвальным памяшканні былога більярднага клуба «Як 18» на вуліцы Якуба Коласа. Яшчэ студэнтамі мы часта завісалі ў гэтай більярднай – згуляць пару партый у пул і выпіць. У адрозненне ад іншых більярдных, туды можна было прыносіць свой алкаголь. Грошай тады ў нас вадзілася не шмат, і піць у барах мы сабе не маглі дазволіць.

 

Дзіўнае спалучэнне часу, месца і назвы, бо тое было не столькі пра самалёт, колькі пра наш узрост, пра 18-годдзе, якое навісла над більярднымі сталамі, пра нас. А можа таму, што більярдны клуб знаходзіўся ў будынку №18 па вуліцы Я.К.

 

Аднак неўзабаве більярд зачыніўся, на яго месцы з’явіўся бар. З танным алкаголем і вечна жывой музыкай. Там больш не было більярдных сталоў, затое засталіся з тых часоў барная стойка, зэдлікі і маленечкія сталы з лакіраванага дрэва. За гады лак пакрыўся расколінамі.

 

Восеньскімі і зімовымі вечарамі тут гучалі варʼяцкія імправізацыяі бопа, кул-джаза і Бог яго ведае чаго яшчэ ад безыменных джазменаў.

 

Маленькая сцэна ў канцы залы. Змрочнае асвятленне. Цені крадуцца па сценах у цьмяным святле лямпаў. Музыкант з гітарай імправізуе на сцэне, глухія гукі барабанаў, хрыплыя галасы паўшэптам.

 

Павольна напіваючыся да фіналу, хістаючыся, музыканты схадзілі са сцэны, саступалі месца іншым. Музыка не сціхала да самай раніцы. Размешчаны не ў жылым доме, бар мог сабе дазволіць бурліць усю ноч, да світання. А на досвітку, тыя хто застаўся да канца, выцякалі на вуліцу цёмнымі ручаямі.

 

***

 

Сюды сцякаліся самыя розныя людзі. Усе – нібы ярка запаленыя свечкі ў начным акне. Варʼяты, бадхісатвы, гарадскія падпольныя дзэн-манахі, што дасягнулі прасвятлення праз джаз і віно. Нібы густы гарадскі булён, людзі варыліся і бурлілі ў невялікім падвальным памяшканні.

 

Сярод сотняў людзей, з ліха насунутымі шляпамі, сярод нядбайна апранутых моднікаў – мільгалі гарадскія багі. Святыя трушчоб, што блукаюць днём па горадзе з апаленымі крыламі. З надыходам ночы ў святле падвальных лямпаў яны ажывалі.

 

«Хто адʼязджаў у Мінск, хто паміраў у Мінску, хто вяртаўся ў Мінск і чакаў дарэмна, хто прыглядаў за Мінскам і сядзеў задуменны і самотны ў Мінску і ў рэшце рэшт сыходзіў, каб даведацца што такое Час, і цяпер Мінск пусты і пазбаўлены сваіх герояў».

 

Там заўсёды было пракурана, заўсёды шмат людзей, асобы і імёны якіх сціраліся з памяці ў той момант, калі за спінай зачыняліся цяжкія чорныя дзверы бара.

 

Жывучы звычайным жыццём чатыры дні на тыдзень, з пятніцы па нядзелю мы ішлі туды і бавілі час да закрыцця.

 

Людзі выпальвалі целы знутры ў варʼяцкіх танцах, перакульваючы чарку-другую, а хтосьці і больш. Часам спыняліся, стаялі, палілі, глядзелі, пераводзілі дух і зноў уключаліся ў Тэму.

 

Бармен, смуглы, з чорным шчаціннем, лысы, падобны на цыгана, з завушніцай, не наліваў нічога акрамя «чыстага» алкаголю. Але калі ты прымільгаўся, стаў «сваім», мог змяшаць якой-небудзь просценькі кактэйль.

 

Калі ўсе вывальваліся ў цьмяную і хмурную раніцу, палілі апошнюю, «шчаслівую» цыгарэту. Пар, які падымаўся ад разгарачаных целаў, у святле згасаючых ранішніх ліхтароў быў падобны на расплаўлены бурштын.

 

Раніцай, пешшу спускаліся ўніз па вуліцы, у бок Перамогі, адтуль разʼязджаліся па дамах на ранішніх трамваях.

У траўні бар зачыніўся. Ніхто не ведаў, з-за чаго. Проста ў нейкі момант яго не стала. Дзверы зачыненыя.

 

Ці быў ён на самай справе? А можа, мы яго прыдумалі?

 

Успаміны падводзілі нас. Знікалі. Спярша яны гублялі выразнасць, быццам ты зняў акуляры – і ўсё стала размытым.

 

Потым, дэталь за дэталлю, знікалі зусім, сцёртыя пастаяннымі згадваннямі і «дакрананнямі».

 

Так рэч губляе завостраную выразнасць, калі да яе тысячы разоў датыкаешся і круціш у руках.

 

 

 

Тэги: 

     Организаторы:

zachtenie.png nb_bntu.png bba.png      

    Партнёры:

syberry-final2.png pvt_logo.png gette.png brsm.png logo-knijnaya_nora.png hosterby.png 30875041_2135953859972760_1604262771_n.png 01.png
akademkniga.jpg              

   Инфопартнёры:

  maladosc_loga.png argumenty_i_fakty_0.png logo_relax_new_1_0_0.png wereminsk_0.png