10+10: Алена Мальчэўская

Алена Мальчэўская 

спецыяльна для спецпраекта фестываля "10+10"

Арфей едзе на плошчу Перамогі

 

У метро ёсць дзве рэчы, якія не даюць мне спакою. Па-першае, мне хацелася б ведаць, ці засталіся ў Мінску станцыі, дзе ніхто не кідаўся на рэйкі? Чарговае прыпыненне руху з-за надзвычайнага здарэння, а часам і проста занадта доўгае чаканне цягніка на платформе — нагода, каб ізноў задаць сабе гэта пытанне. І зноў пакінуць яго без адказу. Ну і што, калі яны насамрэч існуюць? Ты будзеш карыстацца толькі імі, пракладваць асаблівы маршрут? Не. Але для нечага было б добра ведаць пра гэтыя выспы без адчаю. Не ведаю для чаго. Ну ёсць жа карты размяшчэння банкаматаў на станцыях. Чаму б не зрабіць карту станцый, на якіх не адбылося спробаў самагубства?

 

Яшчэ адзін мой пункцік — прыбыццё цягніка. На першым курсе сівавалосы выкладчык патрабаваў ад нас творчых апісанняў гэтага працэсу. Вось у цемры тунэля ледзь-ледзь пачынае займацца святло. Вось яно разгараецца, разліваецца па чорнай трубе — і ты разумееш нешта пра цеплыню і надзею. Канстанцін Валер’евіч, навошта вы гэта рабілі? З вар’яцкай настойлівасцю я прыдумляю сраныя апісанні ледзь не штодня больш за дзесяць гадоў і не ведаю, як выцягнуць гэтую стрэмку са сваёй галавы.

 

Можна выказаць здагадку, што ў цудоўнай кампаніі самазабойцаў і братоў Люм’ер я еду да псіхатэрапеўта. Але не. Не. Як і штодзень — на працу.

 

***

 

Мой праязны ніяк не можа спрацаваць, і ў раняшняй сутолцы я збіраю каля турнікета маленькі наўтоўп незадаволеных пасажыраў. Вусаты дзядька весела прыспешвае, ускідаючы рукі ўгару: «Гаспады-ы-ынька!» Я прымаю правілы гульні і са словамі «Сама пякла!» ўжо не прыкладаю, а проста стукаю кашальком па валідатары. Нарэшце брама раскрываеца і прыступчаты Сцікс нясе мяне пад зямлю…

 

***

— Чаму ты заўсёды заўважаеш мяне на эскалатары, а я цябе ніколі?

 

Надышоў час расказаць. Ты носіш акуляры. І калі я еду на эскалатары, то заўсёды гляджу на суседні, выхопліваючы пасажыраў у акулярах. Іх твары лёгка выдзяляюцца з плывучых шэрагаў. Я скачу паглядам з аднаго на другі і канстатую: не ты, не ты, не ты. За адзін такі праезд у сярэднім сустракаецца восем чалавек са шкляным зрокам. Нецяжка сканцэнтраваць на іх увагу. Куды цяжэй прычакаць, каб тэорыя імавернасцей уключыла цябе ў гэтую васьмёрку.

 

Мяне падбешваюць усе гэтыя ўніверсальныя парады ад цётак і прыяцелек кшталту: «падумай, ці хочаш ты ад яго дзіцёнка» альбо «ўяві, што ён будзе прачынацца побач з табой кожную раніцу». Рэальнасць занадта адрозніваецца ад маіх хваравітых ўяўленняў, і гэтыя адвечныя жаночыя алгарытмы не працуюць. Але я вынайшла спосаб праверыць пачуцці — выпадковая сустрэча ў метро. Калі захочацца бегчы ззаду, дагнаць, ухапіць за рукаў, абазначыць сваю прысутнасць, калі немагчыма проста мінуць, калі сэрца калоціцца і правальваецца ўніз, а дыханне перахоплівае — вось ён, твой лёс.

 

Так я сустракала толькі цябе. Але бегчы ззаду і хапаць за рукавы заўсёды нешта перашкаджала. Моцная плынь наўтоўпу. Зачыненыя дзверы вагона. Эскалатары, што едуць у розныя бакі. Аднавіўшы дыханне, я даставала тэлефон і пісала што-небудзь у мэсэнджэры. Аднойчы я напісала: «У цябе на твары сусветная туга». Праз імгненне дзілінкнуў адказ: «Чаму ты заўсёды заўважаеш мяне на эскалатары, а я цябе ніколі?»

 

Забылася… яшчэ таму, што ты ніколі не паварочваешся.

 

***

 

Псіхолагі раяць навучыцца ўпэўнена адмаўляць. Не браць на сябе лішняга, экалагічна ставіцца да асабістай прасторы і казаць «Не!» у патрэбны момант. Калі мне трэба набрацца смеласці ды адмовіць, я згадваю металічны голас жанчыны, што прамаўляе ў метро «No smoking! No… No…», і стараюся паўтарыць інтанацыю. Хаця шкада, канечне, што ў гэтым жыцці больш нельга, чым дазволена. Асабліва пасажырам. Не так даўно даведалася, што і гадзіннікі над тунэлямі вісяць для машыністаў, а не для таго, каб нам было зручна прыкідваць, колькі яшчэ давядзецца чакаць наступны цягнік.

 

***

 

Для пасажыраў павесілі экраны ў вагонах. І паказваюць там займальную статыстыку. За прыпынак я паспяваю прачытаць, што жыхары мегаполісаў каля шасці месяцаў свайго жыцця праводзяць у чаканні зялёнага на светлафоры. Што сто мільёнаў жанчын у свеце назвалі Ганнамі. Што чвэрць апытаных дзяўчын ва ўзросце 14-21 за адзін пацалунак свайго куміра гатовы прасаваць яго кашулі напрацягу года… Што?! Я адводжу шалёны позірк ад экрана і спыняю яго на маладым хлапцы з гітарай, які сядзіць насупраць. Імгненне таму ён зрабіў тое ж самае. І цяпер мы ўтаропіліся адзін на аднаго з непрыхаваным жахам: «Толькі я гэта бачу?» Глядзім. Потым рагочам. Рагочам так добра, ажно шкада, што мая станцыя. Я выходжу, не азіраючыся. Гляджу на табло для машыністаў, прыкідваю, ці не спазнюся на планёрку. Бягу па лесвіцы і думаю, што сінхронныя плыўцы — напэўна, самыя шчаслівыя на свеце людзі.

 

Тэги: 

     Организаторы:

zachtenie.png nb_bntu.png bba.png      

    Партнёры:

syberry-final2.png pvt_logo.png gette.png brsm.png logo-knijnaya_nora.png hosterby.png 30875041_2135953859972760_1604262771_n.png 01.png
akademkniga.jpg menuby.png 54518157_2027237867580014_2795806607689121792_n.png 52520554_311141699595329_3926729964115722240_n.png logo_prosvetitel_bolshoy_0.png  media_bay_0.png karerapress_0.png logograndmahouse.png
technalohija_0_0.png malyshi_png_0_0_0.png olololo.png          

   Инфопартнёры:

  maladosc_loga.png argumenty_i_fakty_0.png logo_relax_new_1_0_0.png wereminsk_0.png tayms_bntu.png